Кірыл Аляксеевіч Буданаў (укр.: Кирило Олексійович Буданов) — украінскі военачальнік. Начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны (з 2020 года), генерал-маёр (2022).
Нарадзіўся 4 студзеня 1986 года ў Кіеве[2].
Скончыў Адэскі інстытут Сухапутных войскаў (2007), пасля чаго пачаў служыць у атрадзе спецпрызначэння Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны, дзе займаў розныя пасады[3][4].
З вясны 2014 года браў удзел ва ўзброеным канфлікце на ўсходзе Украіны. Меў баявыя раненні[3].
4 красавіка 2019 года ў Кіеве быў здзейснены няўдалы замах на Буданава. Тады быў падарваны аўтамабіль Chevrolet Evanda на вуліцы Акадэміка Вільямса, пад які была ўсталявана міна. Генеральная пракуратура Украіны пазней паведаміла аб затрыманні групы падазраваных, а Галасееўскі раённы суд Кіева прысудзіў двух грамадзян Расіі да 7 і 8 гадоў пазбаўлення волі[3][5].
З 2018 па 2020 год займаўся адмысловымі справамі. У 2020 году стаў намеснікам дырэктара дэпартамента Службы вонкавай разведкі Украіны[3].
5 жніўня 2020 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прызначыў палкоўніка Буданава начальнікам Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны. На гэтай пасадзе Буданаў змяніў Васіля Бурбу[4]. 24 жніўня 2021 года прысвоена вайсковае званне брыгаднага генерала[6]. 3 красавіка 2022 года прысвоена вайсковае званне генерал-маёр[7].