wd wp Пошук:

Культура Лінгбі

Наканечнік стралы культуры Лінгбі

Культура Лінгбі — археалагічная культура эпохі мезаліту. Вылучана Г. Экхалмам у 1920-я г. на падставе рагавых (матыкі тыпу Лінгбі) і крамянёвых (масіўныя наканечнікі стрэл) вырабаў, знойдзеных на кліфе Нёрэ-Лінгбі на паўночным захадзе Ютландыі ў паўночнай Даніі. Тэрмін «культура Лінгбі» ў навуковы зварот увёў у 1936 г. англійскі археолаг Дж. Кларк. Культура Лінгбі была аднесена да кола культур з чаранковымі наканечнікамі стрэл. Больш дакладная характарыстыка крамянёвага інвентару была распрацавана Т. Матыясенам па падставе даследаванняў стаянкі Броме (Bromme) на востраве Зеландыя ў Даніі ў 19441946 гг. 3 гэтага моманту ўжываецца складаная назва культуры Броме-Лінгбі ці Броме (Лінгбі).

Даследаванне

Даследаваннямі культуры займаліся: Г. Швабедысен, В. Таўтэ, Р. Рымантэне, Р. Шыльд, Я. К. і С. К. Казлоўскія, З. Сульгастоўская, Л. Л. Залізняк, К. Шымчак, Е. Лібера, Г. В. Сініцына, М. Кабусевіч і інш.

Асаблівасці

Крамянёвы інвентар класічных помнікаў rekmnehs ўтрымлівае нуклеусы ад пласцін двухпляцовачныя монафрантальныя і аднапляцовачныя з дугападобнай або амаль акруглай пляцоўкай сколвання; пляцоўкі, як правіла, нерэтушаваныя. Сярод сколаў-нарыхтовак пераважаюць шырокія, масіўныя пласціны, адшчэпы, сярод скрабкоў сустракаюцца формы на адшчэпах, пласціністых адшчэпах, пласцінах з дугападобнай працоўнай часткай, на пласцінах і адшчэпах падвоеныя і з чаранком. Разцы (рэтушныя бакавыя і двухгранныя бакавыя, сярэдзінныя, зрэдку экзэмпляры з чаранком) у асноўным зроблены на пласцінах. Наканечнікі стрэл даволі аднастайныя па форме, пераважаюць масіўныя тыпу Лінгбі, якія выраблялі з пласцін. Яны маюць неапрацаванае пяро, зрэдку скошанае крутой рэтушшу са спінкі, і добра вылучаны такой рэтушшу чарашок. Сустракаюцца наканечнікі з чарашком, сфарміраваным супрацьлеглай рэтушшу ці крутой, нанесенай па краі з брушка. Таксама на ўсходнееўрапейскіх стаянках знаходзяць сякеры з перахопам (стаянка Аносава-1) і цёслы падтрапецападобнай формы (стаянка Вышагара).

Паходжанне культуры Лінгбі Т. Матыясен звязвае з помнікамі тыпа Фон-Рабер, якія ўваходзяць у кола познамадленскіх на тэрыторыі Францыі. Ёсць і гіпотэзы аб фарміраванні культуры Лінгбі на аснове культуры федэрмесер ці на аснове помнікаў мадлена тыпу Тает.

Бліжэйшыя да Беларусі помнікі культуры Лінгбі вядомы на тэрыторыі Паўднёвай Літвы. Аб прысутнасці на тэрыторыі заходняй часткі Беларускага Палесся элементаў лінгбійскай традыцыі згадваў У. Ф. Ісаенка. Носьбіты культуры Лінгбі пэўны час засялялі паўднёвы захад Беларусі. На тэрыторыі Заходняга Палесся асобныя элементы і комплексы культуры выяўлены на стаянках Адрыжын, Арэхава-1, Бабровічы-2, Моталь-1, 5, 17, Пагост-Загародскі, Глінна-1, 2 і інш. 3-за адсутнасці дадзеных радыёвугляроднага аналізу акрэсліць дакладны час іх існавання даволі складана. Хутчэй за ўсё, як і ў іншых рэгіёнах Еўропы, гэта быў перыяд аляродскага пацяплення[ru] і, магчыма, пачатак дрыясу III[ru] (9—8-е тыс. да н.э.). Працягам культуры Лінгбі лічыцца арэнсбургская культура. Л. Залізняк адзначае, што лінгбійскія і арэнсбургскія комплексы ўяўляюць сабой 2 стадыі развіцця тэхнакомплексу з чаранковымі наканечнікамі стрэл.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Культура Лінгбі
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Польшчы
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Даніі
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Беларусі
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Еўропы
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Літвы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Германіі