wd wp Пошук:

Ксенія Алегаўна Луцкіна

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Луцкіна. Ксенія Алегаўна Луцкіна (нар. 14 лютага 1984) — беларуская журналістка, стваральніца цыкла «Terra incognita» («Невядомая Беларусь)», былая супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі. Палітычная зняволеная, абвінавачаная падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Біяграфія

Ксенія нарадзілася ў расійскім горадзе Перм, дзе яе бацька-беларус вучыўся ў Вышэйшым вучылішчы ракетных войскаў і пасля служыў, і дзе ажаніўся з маці Ксеніі, якая працавала ў Пермі настаўніцай. Пасля бацьку перавялі ў Петрыкаў (Ксеніі на той момант было толькі 5 месяцаў), а адтуль — у Слуцк, дзе Ксенія вучылася ў 10-й слуцкай школе: «Чарнобыльскі пясок Ксенія ў прамым сэнсе ела ў 1986 годзе ў Петрыкаве, дзе я спачатку служыў. Потым мяне перавялі ў Слуцак, а сям’я яшчэ заставалася ў Петрыкаве. І калі адбылася аварыя, я быў на дзяжурстве, камандзір палка даведаўся, што сям’я ў зоне, і загадаў мне тэрмінова ехаць і забіраць родных. Я ўбачыў Ксенію ў пясочніцы, схапіў дзіця пад пахі і павёз сям’ю ў Слуцак»[1]. У школе вельмі цікавілася гісторыяй, па якой займала прызавыя месцы на алімпіядах. Пасля навучалася ў БДУ на гістарычным факультэце, які скончыла з адзнакай. Пасля заканчэння ўніверсітэту ад свайго аднагрупніка, Аляксандра Мацяса, які ўжо ў той час працаваў на тэлебачанні, атрымала запрашэнне таксама паспрабаваць працу на тэлебачанні[2].

У Белтэлерадыёкампаніі Луцкіна займаляся стварэннем дакументальных фільмаў на гістарычныя тэмы. У 2008 годзе стала шэф-рэдактарам «Студыі дакумэнтальнага кіно». Аўтарка праектаў «Terra incognita» («Невядомая Беларусь)» (з 2013 па 2016 было знята і паказана больш за 140 праграм, у 2013 годзе каманда «Terra incognita» атрымала дзве нацыянальныя прэміі «Тэлевяршыня» — за найлепшую тэматычную праграму і за найлепшы дызайн[3]) і серыі дакументальных драматычных фільмаў «Сямейныя гісторыі», таксама стварыла больш за 20 дакумэнтальных фільмаў і каля 50 караткаметражных стужак, рыхтавала рэпартажы з Чарнобыльскай зоны «Зямля страчаная. Зямля здабытая», якія прысвяціла сваёй бабулі, якая была ў ліку ліквідатараў наступстваў аварыі (за гэты цыкл з чатырох фільмаў Луцкіна таксама атрымала «Тэлевяршыню» ў 2017 годзе)[1][4].

У 2012 годзе Луцкіна перанесла складаную нэўралагічную апэрацыю: ёй выдалілі дзве пухліны ў мозгу.

У 2013 годзе Луцкіна скончыла аспірантуру гістарычнага факультэта БДУ.

Падзеі вакол выбарчай кампаніі 2020 года вымусілі Луцкіну ў канцы жніўня 2020 звольніцца з тэлебачання пасля 15 лет працы там, яна далучылася да асноўнага складу Каардынацыйнай рады, дзе адказвала за сувязі з прэсай. Таксама планавала стварыць альтэрнатыўны канал аб’ектыўных навін, з праектам якога ёй дапамагала ў тым ліку Акадэмія Прэс-клуба[2], першыя перадачы былі запісаныя, запуск павінен быў адбыцца ў студзені 2021 на Youtube.

За некалькі дзён да затрымання Луцкіна запісала відэазварот да былых калег з дзяржаўных СМІ, які яе сябры выклалі ўжо пасля яе затрымання: «Мы абвясцілі забастоўку, бо хочам займацца журналістыкай, а не прапагандай. Мы сыйшлі, бо было сорамна называць сваё месца працы»[5].

Сын — Мацвей.

Палітычны пераслед

Ксенія Луцкіна была затрымана 22 снежня 2020 на бульвары Мулявіна ў Мінску, недалёка ад ЦУМа, куды яна выйшла за пакупкамі, у яе кватэры правялі ператрус (на момант пачатку ператрусу ў кватэры быў толькі сын Луцкінай, дзесяцігадовы Мацвей) канфіскавалі камп’ютар, тэлефон, флэшкі і дакументы, яна была змешчана ў СІЗА-1 на Валадарскага. Першапачаткова Луцкінай было прад’яўлена абвінавачванне па ч. 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу (Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры), яна праходзіла па так званай справе Прэс-клубу.

13 студзеня 2021 года 11 беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, апублікавалі супольную заяву, у якой прызналі Ксенію Луцкіну палітычнай зняволенай, таксама праваабаронцы назвалі палітычным пераследам арышт іншых супрацоўнікаў Прэс-клубу[6].

18 лютага 2021 сімвалічным хросным Ксеніі Луцкінай стаў дэпутат Нацыянальнай рады Швейцарыі Бэнджамін Родуі(англ.) бел., які заявіў «Свабода слова, у прыватнасці прэсы, з’яўляецца адным з асноўных правоў любой дэмакратыі. Мы не можам мірыцца з тым, што дзяржава, якая прэтэндуе на дэмакратычнасць, не паважае гэтае права. З гэтай прычыны журналістку Ксенію Луцкіну трэба неадкладна вызваліць»[7].

19 жніўня 2021 года супрацоўнікі Прэс-клуба выйшлі на волю паводле памілавання да суда, для чаго яны прызналі віну і падпісалі прашэнні на імя Аляксандра Лукашэнкі, а іх родныя сплацілі 200 тысяч беларускіх рублёў (палову сумы сплацілі родныя заснавальніцы Прэс-клубу Юліі Слуцкай, прадаўшы нерухомасць, другая часта была сплачаная з рахунку Прэс-клубу). Ксенія Луцкіна нічога не падпісвала, бо, па словах Слуцкай, «яна ня можа прыняць віну ў тым, да чаго ня мае ніякага дачыненьня. На ўсіх допытах мы заўжды гаварылі, што Ксенія і яе апэратар, Дзяніс Сакалоўскі, ня маюць ніякага дачыненьня да дзейнасьці „Прэс-клюбу“. Ксенія адзін раз удзельнічала ў хакатоне, які праводзіў „Прэс-клюб“, і ейны праект быў у ліку пераможцаў», і засталася пад арыштам[8].

Пасля закрыцця справы Прэс-клубу, Луцкінай выставілі новае абвінавачанне паводле арт. 357 Крымінальнага кодэксу (Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады).

Вядома, што нейкі час Луцкіна ўтрымлівалася ў адной камэры СІЗА разам з галоўнай рэдактаркай tut.by Марынай Золатавай.

У СІЗА-1 у Луцкінай сур’ёзна пагоршыўся стан здароўя: зноў пачала расці пухліна ў мозгу, праз што Ксенія адчувала вялікі боль, некалькі месяцаў атрымлівала ўколы абязбольвальных, таксама праз умовы ў камеры абвострылася бранхіяльная астма.

Зноскі

  1. 1 2 «Сэрца разрываецца, што не магу абняць сына». Расказваем пра экс-журналістку БТ Ксенію Луцкіну, якая 11 месяцаў за кратамі (бел.)
  2. 1 2 Гісторыя Ксеніі Луцкінай, якая 15 год працавала на БТ, а цяпер апынулася ў СІЗА за спробу стварыць альтэрнатыўны канал (бел.)
  3. ПРОЕКТ «TERRA INCOGNITA. БЕЛАРУСЬ НЕИЗВЕСТНАЯ» ПРОДОЛЖИТ РАЗГАДЫВАТЬ ТАЙНЫ НАШЕЙ ЗЕМЛИ (руск.)
  4. «Телевершина-2017»: у телеканала ОНТ семь статуэток и Гран-при (ПОЛНАЯ ТЕЛЕВЕРСИЯ И СПИСОК ПОБЕДИТЕЛЕЙ) (руск.)
  5. Было сорамна называць сваё месца працы: экс-журналістка БТ звярнулася да калег (бел.)
  6. Заява аб прызнанні пяцярых затрыманых па справе Прэс-клуба палітычнымі зняволенымі (бел.)
  7. Members of Parliament from Great Britain and Switzerland take over godparenthood for Ryhor Hunko, Illia Trakhtenberg and Kseniya Lutskina (англ.)
  8. Юлія Слуцкая — пра фармулёўку памілаваньня, справу Луцкіной і камэру «Шанхай» з пацукамі (бел.)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Пермі
Катэгорыя·Журналісты Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 14 лютага
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення праваабарончым цэнтрам «Вясна»
Катэгорыя·Журналісты XXI стагоддзя
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1984 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя рэжымам Лукашэнкі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Выпускнікі гістарычнага факультэта БДУ