.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst a,.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst span.iw{display:inline-block}.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst a::first-letter,.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst span.iw::first-letter{text-transform:capitalize}
Крыштаф Станіслаў Завіша (20 красавіка 1660, в. Горка Слонімскага павета — 15 жніўня 1721) — дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст. Ваявода менскі (з 1720), староста менскі (з 1685) і чачэрскае (з 1684)[1].
З шляхецкага роду Завішаў герба «Лебедзь», сын Андрэя Казіміра і Аляксандры Агінскай. Па смерці бацькі выхоўваўся дзядзькам вялікім канцлерам літоўскім Марцыянам Аляксандрам Агінскім. Навучаўся ў Віленскай акадэміі, потым у Кракаве.
Браў актыўны ўдзел у палітычным жыцці: некалькі разоў абіраўся дэпутатам на соймы, іхні маршалак у 1697, 1718 і 1720. Спачатку падтрымліваў караля Аўгуста Моцнага, аднак у Паўночную вайну перайшоў на бок Станіслава Ляшчынскага[2].
Пабраўся шлюбам з Тэрэзай Тышкевіч, у выніку чаго атрымаў багаты пасаг. Адзін з асноўных фундатараў капліцы Святога Феліцыяна ў касцёле Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі пры калегіуме езуітаў у Мінску. Па смерці ў ёй жа быў пахаваны[3].
Бацька Ігнацыя Завішы.
Аўтар пераробкі італьянскага раману «Любасць бяз зменаў» (1688), шэрагу прамоваў на соймах, сабраных ягонай дачкой Барбарай Радзівіл у кнізе «Водгук прыемных мелодыяў» (1728) і інш.
Найбольш значнае з літаратурнай спадчыны К. С. Завішы — яго мемуары, у якіх апісваюцца палітычныя падзеі і шляхецкі побыт Рэчы Паспалітай XVII—XVIII стст.