wd wp Пошук:

Крымская платформа

Крымская платформа (укр.: Кримська платформа, англ.: Crimea Platform, крымскатат.: Qırım platforması) — ініцыяваны Украінай і яе прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім міжнародны каардынацыйны механізм, накіраваны на павышэнне эфектыўнасці міжнароднага рэагавання на працяглую акупацыю Крыма[1], абарону правоў чалавека ў Крыме і дэакупацыю паўвострава.

Гісторыя стварэння

У 2014 годзе Міжнародныя арганізацыі прызналі акупацыю і анексію Крыма незаконнымі[2] і асудзілі дзеянні Расіі, а краіны Захаду ўвялі эканамічныя санкцыі супраць Расіі. ЕС і ЗША праводзяць паслядоўную палітыку непрызнання расійскіх дзеянняў у Крыме і Севастопалі.

Гл. таксама: Крымская дэкларацыя[uk]

Аднак, з разгортваннем агрэсіі Расіі на Данбасе, пытанне дэакупацыі АР Крым і Севастопаля практычна знікла з парадку дня міжнароднай палітыкі. Каб вярнуць тэму ў цэнтр палітычнага і экспертнага дыялогу з міжнароднымі партнёрамі ў 2020 годзе ва Украіне з’явілася ідэя стварання стала дзеючай платформы для абмеркавання пытання дэакупацыі Крымскага паўвострава.

Пра планы такой пляцоўкі ўпершыню заяўлялі ў Міністэрстве па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны[3], а на 75-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у верасні 2020 года Прэзідэнт Зяленскі заклікаў краіны-ўдзельніцы далучыцца да стварэння такой платформы. 26 лютага 2021 года Уладзімір Зяленскі падпісаў Указ «Пра асобныя меры, накіраваныя на дэакупацыю і рэінтэграцыю часова акупаванай тэрыторыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаля», якім пастанавіў утварыць арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні ва Украіне ўстаноўчага саміту Крымскай платформы. Паводле Указа, МЗС Украіны забяспечвае каардынацыю ўдзелу Украіны ў дзейнасці Крымскай платформы. Старшыня арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы ўстаноўчага саміту Крымскай платформы — міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба.

Устаноўчы саміт «Крымскай платформы» прайшоў 23 жніўня 2021 года[4].

Кірункі работы

Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба вызначыў пяць чаканых прыярытэтаў працы «Крымскай платформы»:

Па-першае, бяспека, уключна са свабодай мараплаўства. Па-другое, забеспячэнне эфектыўнасці санкцыйных абмежаванняў супраць дзяржавы-агрэсара. Па-трэцяе, абарона правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права. Па-чацвёртае, абарона адукацыйных, культурных, рэлігійных правоў. Па-пятае, пераадоленне негатыўнага ўплыву часовай акупацыі Крыма на эканоміку і навакольнае асяроддзе. — Дзмітрый Кулеба[5]

Зноскі

  1. Афіцыйны сайт «Крымскай платформы»
  2. Рэзалюцыя 68/262 Генеральнай Асамблеі ААН «Тэрытарыяльная цэласнасць Украіны», прынятая 27 сакавіка 2014 года ў адказ на анексію Крыма Расіяй
  3. Резніков про міжнародний майданчик для переговорів щодо Криму: «Все в процесі»(укр.)
  4. 23 жніўня ў Кіеве праходзіць устаноўчы саміт Крымскай платформы
  5. Кулеба назвав п’ять пріоритетів роботи «Кримської платформи»(укр.)
Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Арганізацыі без геаграфічных каардынат
Катэгорыя·Знешняя палітыка Украіны
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Арганізацыі, заснаваныя ў 2021 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Арганізацыі паводле алфавіта