wd wp Пошук:

Катры Вала

Катры Вала (фінск.: Katri Vala; сапраўднае імя Карын Аліса Вадэнстром — у дзявоцтве, Хейкель — пасля замужжа; 11 верасня 1901-28 красавіка 1944) — адна з самых вядомых паэтэс Фінляндыі.

Біяграфія

Нарадзілася Катры Вала ў Муёніё ў сям’і Роберта Вальдэмара Вадэнстрома, які працаваў у Службе аховы лясоў, і Аляксандры Фрэдэрыкі Вадэнстром. У 1911 годзе бацька Катры, якія пакутаваў на маніякальна-дэпрэсіўны сіндром, памёр у шпіталі, адмовіўшыся прымаць ежу. Сям’я апынулася на мяжы галечы; маці паэтэсы ўладкоўвалася на розныя працы, каб пракарміць сям’ю, нават спрабавала адкрыць краму, якая, аднак доўга не праіснавала.

Пісаць вершы будучая Катры пачала ў 11 гадоў. У 1922 годзе яна скончыла настаўніцкае вучылішча; падчас навучання яна шмат чытала (сярод пісьменнікаў, якімі яна цікавілася, былі Гамсун і Тагор). Некалькі гадоў яна выкладала ў школе, перш чым змагла цалкам аддаць сябе творчасці. Раннія творы Катры Вала друкаваліся ў 1920-х гадах у перыядычным выданні Nuori Voima. У гэты час яна выдала першы зборнік вершаў, які называўся «Далёкі сад» (Kaukainen puutarha, 1924). Кніга пачынаецца радаснымі вершамі, прысвечанымі сонцу, зямлі, месяцу, а заканчваюцца творамі пра боль і самоту. За гэтую кнігу паэтэса атрымала дзяржаўную літаратурную прэмію; восем вершаў Вала былі надрукаваныя ў анталогіі Nuoret runoilijat.

У 1928 годзе Катры Вала захварэла на туберкулёз, ад якога так ніколі канчаткова не паправілася. Крыху падлячыўшыся, паэтэса выправілася ў падарожжа на Рыўеру і ў Парыж, а пасля пасялілася ў Хельсінкі, дзе ў 1930 годзе выйшла замуж за Армаса Хейкеля.

У гады Вялікай дэпрэсіі становішча сям’і Хейкеляў было досыць складаным. Катры Вала падпрацоўвала, пішучы для часопісаў і перакладаючы пераважна шведскіх (але не толькі) паэтаў на фінскую мову. У гэты час яна пераклала творы Генрыха Гайнэ, Бертальта Брэхта, некаторых кітайскіх паэтаў. Са шведскіх паэтаў больш за ўсё Катры Вала цікавілася творчасцю Агнэс фон Крузенштэрн і Карын Бое (якую Вала нават наведала ў Стакгольме).

Другая кнігі Катры Вала «Сінія дзверы» (Sininen ovi, 1926) уяўляла сабой панегірык каханню і жыццю. У пачатку 1930-х гадоў паэтэса працавала крытыкам у часопісе «Туленкантаят» (Tulenkantajat, т.б. «Носьбіты агню»), дзе друкавала агляды і рэцэнзіі пад псеўданімам Пека (Pecka). Большая частка супрацоўнікаў часопіса мела левыя погляды. Катры Вала часта крытыкавала нацызм і расізм Трэцяга Рэйху, а таксама мілітарызм, і насміхалася з такой значнай асобы ў літаратуры, як Міка Валтары.

Пазнейшая творчасць Катры Вала афарбаваная ў больш змрочныя колеры. Паэтка ўвайшла ў літаратурную групу «Кійла» (Kiila, т.б. «Клін»), аднак не падзяляла цалкам марксісцка-ленінісцкіх поглядаў большасці сяброў групы. У паэзіі Вала гэтага часу атмасфера эпохі адчуваецца праз уласную трагедыю: першае дзіця паэткі (1931) памерла праз дзве гадзіны пасля нараджэння. Вала надоўга заглыбілася ў дэпрэсію і нават паспрабавала скончыць жыццё самагубствам. Многія вершы, у якіх Вала асэнсоўвае сваю страту, трапілі ў зборнік «Вяртанне» (Paluu, 1934).

Пасля нараджэння другога дзіцяці ў 1934 годзе хвароба паэтэсы зноў абвастраецца. У 1940 годзе да гэтага дадаюцца яшчэ і фінансавыя праблемы, і Катры разам з сынам Маўры едзе ў Швецыю. У 1942 годзе арыштоўваюць Армаса Хейкеля, а паперы паэтэсы канфіскоўваюць. У тым жа годзе выходзіць апошні зборнік вершаў Вала «Роднае гняздо гарыць» (Pesäpuu palaa), куды ўвайшлі многія вершы, напісаныя ў 1935—1939 гадах. 28 красавіка 1944 года Катры Вала памірае ў Швецыі. У 1945 годзе яе прах быў перавезены ў Фінляндыю і ўрачыста пахаваны.

Ацэнкі

Як мадэрнізатарку фінскай паэзіі яе часта параўноўваюць са шведскай паэтэсай Эдыт Сёдэргран.

Беларускі пераклад

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 Katri Vala // FemBio: Банк інформації про видатних жінок, Frauendatenbank, Банк данных о выдающихся женщинах, Görkəmli qadınlar haqqında məlumat bankı Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Katri ValaSLS.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Памерлі ў 1944 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Швецыі
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Пісьменнікі без мовы твораў
Катэгорыя·Паэты Фінляндыі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1901 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі 28 красавіка
Катэгорыя·Паэтэсы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 28 мая
Катэгорыя·Нарадзіліся 11 верасня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Лапландыі (Фінляндыя)