Кася Іофе (раней — Кацярына Глухоўская; 2 ліпеня 1995, Мінск) — беларуская паэтэса, празаік, псіхолаг, перакладчыца, даследчыца беларускай літаратуры і літаратурны крытык. Сябра беларускага ПЭН-цэнтра (з 2021 года)[3].
Вучылася ў філалагічным класе Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, бакалаўр медыцынскай псіхалогіі (вывучала медыцынскую псіхалогію на факультэце філасофіі і сацыяльных навук)[4][5].
Атрымала спецыялізацыі па тэрапіі мастацтвам і творчасцю (арт-тэрапіі) ў Балгарыі і Украіне ад EEATA (East-European Art-Therapy Association; EEATA), у Амерыцы (Універсітэт Каліфорніі) ды Індыі (курс па рэабілітацыйнай і рэкрэацыйнай ёзе і тэхніках Artistic Yoga у працы з пацыентамі шпіталяў, ашрам у Дэвалапуру, пад Місорам).
Працавала ў Рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі, псіхолагам, рэдактарам інфармацыйных парталаў мінскага клубнага дома «Open Soul» па рэабілітацыі людзей з псіхіятрычнымі дыягназамі.
Жыве ў Кракаве (Польшча). Вучылася ў Кракаве ў Ягелонскім універсітэце на магістра аховы грамадскага здароўя[4]. Cтудэнтка магістратуры Ягелонскага універсітэта па літаратурнай крытыцы і юдаістыцы[3].
З’яўляецца актывісткай таварыства «Беларусы ў Кракаве», арганізатаркай культурных мерапрыемстваў і паэтычных спатканняў ад European Solidarity Corps i навуковай фундацыі Nausika, Закладальніца Беларускага саду ў Кракаве. Вядзе заняткі з арт-тэрапіі ў псіхіятрычным шпіталі імя доктара Ёзафа Бабіньскага (Szpital Kliniczny im. dr. Józefa Babińskiego w Krakowie). На валанцёрскіх асновах праводзіць анлайн-кансультацыі для ахвяр гвалту ў Беларусі. Таксама з’яўляецца сябрам Шматкультурнага Цэнтру Кракава па дапамозе бежанцам і мігрантам, Квіровага Цэнтру Культуры ў Кракаве, Кракаўскай Школы Паэзіі імя Александра Фрэдры, мінскіх ініцыятыў «Ідэнтычнасць і Права», «ИМЕНА», «Human Constanta», мінскага КД Open Soul па дапамозе людзям з цяжкімі хранічнымі псіхічнымі разладамі[3].
Першы верш напісала ў 12 гадоў[6]. Друкуецца з 2009 года. Яе вершы перакладзеныя на іншыя мовы, апублікаваныя ў літаратурных часопісах «Мишпоха», «Дзеяслоў»[7], «Верасень», «Маладосць» і інш.. Песні на яе вершы выконваюць музычныя гурты «S°unduk», «Адарвірог», «Апоўначы», «Isna Trio», «Агатка»[3]. Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі плануе ўключыць яе вершы ў выданне анталогіі сучаснай беларускай паэзіі.
У чэрвені 2022 года выступала ў якасці вядоўцы на творчай імпрэзе «Мультыкультурная Ноч Паэзіі» (Кракаў, Польшча) — вечар чытання паэзіі польскай, украінскай і беларускай, у рамках фестывалю «Культура ў выгнанні. Дні Салідарнасці на Віле Дэцыюса»[8].
Аўтар кнігі «Калі дрэва растуць з галавы» (выдавецтва«Галіяф») і самвыдатаўскай кнігі «Белы леў» ( прэмія I ст. конкурсу маладых літаратараў у намінацыі «Духоўная спадчына Беларусі»).
Перакладае з польскай, рускай, беларускай моў, а таксама з нямецкай і ідыш. Удзельніца міжнароднай перакладчыцкай творчай праграмы Rozstaje.art
З’яўляецца фіналісткай паэтычных конкурсаў ім. Ларысы Геніюш (2009), ім. Чэслава Мілаша (2011), «Брамамар» (2014)[3].