Каралеўства Ірак (араб. المملكة العراقية) — іракская дзяржава ў перыяд дзеяння і пасля заканчэння мандата, выдадзенага Вялікабрытаніі ў 1920 Лігай Нацый. Каралеўства было абвешчана ў 1921 годзе. Праз 11 гадоў дзеянне мандата было спынена, аднак каралеўства праіснавала да 1958 года, калі быў ажыццёўлены ваенны пераварот пад камандаваннем Абдэля Касема.
Каралеўства Ірак было створана ў жніўні 1921. Першым каралём Ірака стаў Фейсал I, які атрымаў шырокую вядомасць падчас вялікага арабскага паўстання і праяўляў лаяльнасць да брытанцаў. У наступным яму ўдалося значна вызваліцца ад брытанскай апекі, і ў 1932 дамагчыся незалежнасці для Каралеўства Ірак. Адразу пасля гэтага ірацкі ўрад абвясціў Кувейт сваёй падведамнай тэрыторыяй, як гэта было на працягу стагоддзяў да ўварвання імперыялістычных сіл Вялікабрытаніі.[1]
Пасля смерці Фейсала I манархію ўзначаліў яго сын Газі I, які правіў Іракам да 1939. У гэты перыяд у краіне шырыліся апазіцыйныя і нацыяналістычныя рухі. Так, у перыяд з 1936 па 1941 іракская армія паслядоўна ажыццявіла пяць спробаў дзяржаўнага перавароту.[2] Падчас апошняй з іх да ўлады прыйшоў пранацысцкі настроены Рашыд Алі аль-Гайлані, які ўсталяваў рэгентства над непаўналетнім каралём Фейсалам II. Паколькі Рашыд Алі аль-Гайлані заявіў аб скасаванні дамоўленасцяў з Вялікабрытаніяй, брытанская армія высунула 2 мая 1941 ультыматум аб вызваленні тэрыторый ваенных баз. Англа-іракская вайна доўжылася да 30 мая і скончылася паразай іракцаў.
Манархія праіснавала да 1958. У выніку рэвалюцыі 14 ліпеня да ўлады прыйшоў Абдэль Керым Касем. Кароль Фейсал II, яго сям’я і сябры ўрада былі расстраляныя. Пасля абвяшчэння рэспублікі Ірак разарваў адносіны па Багдадскаму пакту і наладзіў сяброўскія сувязі з Савецкім Саюзам.