У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Губарэвіч. Кастусь (Канстанцін Лявонавіч) Губарэвіч (5 студзеня 1907, в. Радучы, Чавускі раён, Магілёўская вобласць — 3 ліпеня 1987) — беларускі драматург . Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР (1966)[1].
Скончыў Магілёўскі педтэхнікум (1927), Дзяржаўны інстытут кінематаграфіі ў Маскве (1932)[1]. Настаўнічаў, працаваў у газеце «Палеская праўда», на кінафабрыцы Белдзяржкіно і Беларускім радыё, з 1949 — у газеце «Літаратура і мастацтва», на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1966—1974 гадах у Міністэрстве культуры Беларусі[1].
У 1926 годзе дэбютаваў вершамі і апавяданнямі[1]. Першая кніга — зборнік апавяданняў «Гайда туды і жывыя шрубы» (1930). Разам з І. Дорскім напісаў драму «Цэнтральны ход» (паст. 1948) і лірычную камедыю «Алазанская даліна» (паст. 1949). Аўтар гісторыка-рэвалюцыйных і ваенна-патрыятычных п’ес «Цытадэль славы» (паст. 1949, пад назвай «Брэсцкая крэпасць» 1953), «Простая дзяўчына» (паст. 1953), «На крутым павароце» (паст. 1956), «Галоўная стаўка» (паст. 1957), «Далёкая песня» (паст. 1962), «А куды ж нам падзецца» (паст. 1963), «Салодкі месяц» (паст. 1970), «Брэсцкі мір» (паст. 1969), «Партызанская зона» (паст. 1976), «Даруй мне» (паст. 1980) і інш., у якіх выяўляецца вастрыня і драматызм канфліктаў, дынамічнасць сюжэтаў, дакументальнасць грамадска значных фактаў. Выступаў як кінадраматург: сцэнарыі фільмаў «Баям насустрач» (1932, з Я. Гезіным і К. Мінецам), «Дзяўчынка шукае бацьку» (1958, з Я. Рысам), «Анюціна дарога» (1968), «Паланэз Агінскага» (1971), «Неадкрытыя астравы» (1973).