Канвенцыя Альвенслебена — пагадненне Расійскай імперыі і Каралеўства Прусіі, падпісанае ў Санкт-Пецярбургу 27 студзеня (8 лютага) 1863 года міністрам замежных спраў Расіі Аляксандрам Гарчаковым і генерал-ад’ютантам прускага караля Густавам фон Альвенслебенам (адсюль і назва дакумента).
У студзені 1863 года на тэрыторыях Рэчы Паспалітай, далучаных да Расійскай імперыі, пачалося паўстанне за аднаўленне дзяржаўнасці. Прусія неадкладна перакрыла мяжу і прывяла ў гатоўнасць войскі, каб перашкодзіць распаўсюджванню паўстання на сваёй тэрыторыі. Прэм’ер-міністр Ота фон Бісмарк накіраваў да расійскага імператара Аляксандра II персанальнага каралеўскага ад’ютанта Густава фон Альвенслебена абмеркаваць меры супольнага рэагавання на паўстанне[1]. Бакі ўмовіліся на права кожнага пераходзіць мяжу пры неабходнасці пераследу польскіх паўстанцаў і наступнай перадачы іх расійскім ваенным трыбуналам[2][3].
Расійская імперыя здушыла паўстанне ўласнымі сіламі, і канвенцыя не была ратыфікаваная і ніколі не прымянялася на практыцы[4][5].
Бісмарк, які толькі нядаўна зрабіўся прэм’ер-міністрам і кіраваў без парламенцкай большасці, быў раскрытыкаваны прускімі лібераламі, якія падтрымлівалі палякаў, хоць і меней, чым у 1848 годзе[1][3][6][7][8]. Прускі парламент нават накіраваў ноту імператару Вільгельму з асуджэннем дзеянняў Бісмарка. У выніку Вільгельм распусціў ландтаг.
Заходнія лібералы раскрытыкавалі канвенцыю, што выклікала сур’ёзны дыпламатычны крызіс[2]. Занепакоенасць выказалі Вялікабрытанія і Аўстрыйская імперыя, а французскі імператар Напалеон III выказаў падтрымку паўстанню і прапанаваў зняць Бісмарка з пасады[1].
Канвенцыя ўмацавала пруска-расійскія сувязі, а расійска-французскія стасункі напружыліся пасля падтрымкі Напалеонам III палякаў[1][9].