У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Стаброўскі.
Казімір Стабро́ўскі[6] (польск.: Kazimierz Stabrowski; 21 лістапада 1869, маёнтак Крупляны, Баранавіцкі раён, Гродзенская вобласць — 8 чэрвеня 1929) — жывапісец, педагог.
Творчасць звязана з мастацкім жыццём Беларусі, Польшчы, Расіі. Вучыўся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў (1887—1894), акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Пасля 1894 года жыў і працаваў на Гродзеншчыне. Удзельнічаў у мастацкіх выставах у Пецярбургу, Парыжы, Мюнхене, Венецыі. 3 1902 года член Таварыства польскіх мастакоў «Штука» і Таварыства падтрымкі прыгожых мастацтваў. Заснавальнік і кіраўнік (1904—1909) Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве. У 1922 годзе заснаваў аб’яднанне мастакоў «Sursum Corda». Ствараў кампазіцыі фантастычна-сімвалічнага характару, пейзажы, партрэты ў стылі мадэрн. Сярод работ: «Магамет у пустыні» (1894), «Цішыня ў вёсцы» (паміж 1894—1900), серыя з 11 карцін «Шэсце навальніцы», «Белая ноч у Петраградзе каля раз’езда», «Змярканне ў Лазенкаўскім парку ў Варшаве», «Белыя ночы», партрэты С. Дамброўскага, Ф. Радашэўскага, Л. Рытлінскай, В. Семяшковай і інш.