У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Півавараў. Зяма Раманавіч (Залман Рувінавіч) Півавараў (24 мая 1910, Касцюковічы — 29 кастрычніка 1937, Мінск) — беларускі паэт, перакладчык, публіцыст.
Сын рабочага-шапавала. Пасля заканчэння школы-сямігодкі вучыўся ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме. У 1929 годзе пераехаў у Ленінград, дзе працаваў качагарам. Уступіў у БелАПП. У 1930 годзе ўдзельнічаў у дэкадзе беларускай літаратуры і культуры ў Маскве. Атрымаў рэкамендацыю для паступлення на літаратурны факультэт Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута, які закончыў у 1934 годзе. У 1934—1936 гадах працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». У лістападе 1936 года арыштаваны. Загінуў у час сталінскіх рэпрэсій 29.10.1937 года. Рэабілітаваны ў 1958 годзе.
Першы верш апублікаваў у 1925 г. На пачатку 1930-х гадоў друкаваўся ў ленінградскіх часопісах і альманахах. Аўтар зборніка вершаў «Лірыка двух нараджэнняў» (Мн., 1934), у якім услаўляў працоўны гераізм будаўнікоў сацыялізму. Выступаў у рэспубліканскім друку як тэатральны рэцэнзент i як кінакрытык[1].