wd wp Пошук:

Жыватворны агонь

Жыватворны агонь (грэч.: Ἅγιο Φῶς — Святое Святло) — агонь, які выносіцца з Труны Гасподняй на асобым богаслужэнні, якое праводзіцца штогод у Вялікую суботу, напярэдадні праваслаўнага Вялікадня ў храме Уваскрэсення Хрыстова ў Іерусаліме. Вынас велікоднага агню сімвалізуе выхад з Труны «Святла Сапраўднага», гэта значыць уваскрэслага Ісуса Хрыста.

Першыя пісьмовыя паведамленні сведак пра цудоўнае з’яўленне «Святога Святла» ў Труне Гасподняй датуюцца IX стагоддзем.

У наш час цырымонію праводзяць святары Іерусалімскай праваслаўнай царквы, Іерусалімскага патрыярхата Армянскай апостальскай царквы, а таксама Копцкай і Сірыйскай цэркваў[1].

Служба транслюецца ў прамым эфіры ў Арменіі, Балгарыі, Грузіі, Грэцыі, Расіі, Украіне, а таксама на Кіпры, у Ліване, Егіпце і іншых краінах. Акрамя таго, Жыватворны агонь адмысловымі авіярэйсамі штогод дастаўляюць у Балгарыю, Беларусь, Грузію, Грэцыю[2], Малдову, Польшчу[3], Расію[4]Сербію, Украіну, дзе яго з урачстасцю сустракаюць дзяржаўныя і царкоўныя лідары.

У Беларусі Жыватворны агонь перадаецца ў капліцы, манастыры, цэрквы, дзіцячыя дамы, школы, бальніцы, на свечкі прыхаджанам, запальваецца ля помнікаў[5].

Сімвалічнае значэнне

Служба Вялікай суботы ў храме Труны Гасподняй сімвалічна паказвае Мукі Хрыстовы, Пахаванне і Уваскрэсенне Ісуса Хрыста. Сам вынас Святога Святла сімвалізуе выхад з Труны Святла Сапраўднага, гэта значыць уваскрэслага Ісуса Хрыста. У дачыненні да Агню, які выносіцца з Труны, самі ўдзельнікі цырымоніі — грэчаскія і армянскія святары — выкарыстоўваюць не слова «Агонь», а «Святло» (грэч.: Φως, арм.: Լույս).

Апісанне цырымоніі

Іерусалімскі Патрыярх праходзіць храм Святога апостала Якава і накіроўваецца праз паўднёвыя дзверы ў алтар храма Уваскрэсення. Армянскае, копцкае і сірыйскае праваслаўнае духавенства, якое ўвайшло пасля Іерусалімскага Патрыярха, накіроўваецца да яго і прамаўляюць зварот. Пасля гэтага пачынаецца хросны ход, які тры разы абыходзіць Кувуклію, мармуровую капліцу над пячорай Труны Гасподняй, дзе і быў, паводле падання, пахаваны Ісус Хрыстос.

Пасля заканчэння хроснага ходу Іерусалімскі Патрыярх распранаецца і заходзіць у Кувуклію ў суправаджэнні армянскага архімандрыта. Грэчаскі Патрыярх моліцца на Труне Гасподняй[6]. Усё заціхае, людзі моляцца, чакаючы сыходжання Агню.

Праз некаторы час, праведзены ў напружаным чаканні і малітве, унутры Кувукліі з’яўляецца святло, у храме раздаецца звон. З акенцаў Кувукліі з’яўляюцца падпаленыя пучкі свечак, якія падаюцца грэчаскім Патрыярхам і армянскім архімандрытам. Ад іх свечак Агонь запальваюць бегуны, пасля чаго Агонь хутка распаўсюджваецца па храме.

Святары, якія стаяць каля ўваходу ў Кувуклію, і простыя паломнікі, якія стаяць уздоўж шляху, па якім будзе ісці Патрыярх, не запальваюць свае свечкі да часу яго выхаду. Пасля таго, як Патрыярх з’яўляецца і бласлаўляе ўсіх святлом ад сваіх свечак, ад іх запальваюць свае свечкі грэчаскія святары. Затым Патрыярх пачынае хутка ісці наперад, таму што з усіх бакоў да яго наступаюць людзі, якія жадаюць атрымаць Агонь ад яго свечак. Ахова імкнецца стрымліваць ціск[7][8].

Зноскі

  1. Паводле Статус-кво (варыянт 1929 года) у службе таксама прымалі некаторы ўдзел і прадстаўнікі ордэна францысканцаў, аднак цяпер гэтага, відаць, не адбываецца.
  2. У Грэцыю ён дастаўляецца ўрадавым самалётам, прычым яго суправаджаюць дзяржаўныя чыноўнікі высокага рангу і прадстаўнікі Эладскай Праваслаўнай царквы: Greeks Celebrate Easter Day. April 20, 2009 by Greek News (англ.)
  3. Święty Ogień przybył do Warszawy
  4. Дастаўкай у Расію займаецца Фонд Андрэя Першазванага: У Іерусаліме сышоў Жыватворны агонь. Архівавана 27 снежня 2013.
  5. https://www.sb.by/articles/agarnuts-zhyvatvornym-svyatlom-.html
  6. The Holy Light. Архівавана 13 мая 2009. Апісанне службы на сайце Іерусалімскага Патрыярхата (англ.)
  7. Відэазапіс 2006 года youtube.com
  8. Відэазапіс 2008 года youtube.com

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Храм Гроба Гасподняга
Катэгорыя·Іерусалімская Праваслаўная Царква
Катэгорыя·Праваслаўе
Катэгорыя·Цуды ў хрысціянстве
Катэгорыя·Вялікдзень