Жорж Жозэ Крысціян Сіменон (фр. Georges Joseph Christian Simenon, 13 лютага 1903, Льеж, Бельгія — 4 верасня 1989, Лазана, Швейцарыя) — франкамоўны пісьменнік бельгійскага паходжання, адзін з самых знакамітых у свеце прадстаўнікоў дэтэктыўнага жанру ў літаратуры, найбольш вядомы сваёй серыяй дэтэктыўных празаічных твораў пра паліцэйскім камісара Мегрэ.
3 1922 жыў у Францыі, з 1955 — у Швейцарыі. Падарожнічаў па Еўропе і Афрыцы, займаўся журналістыкай.
Друкаваўся з 1919. Славу прынеслі дэтэктыўныя раманы з сусветна вядомым героем камісарам Мегрэ: «Запіскі Мегрэ» (1950), «Мегрэ падарожнічае» (1958), «Мегрэ і бадзяга» (1963), «Мегрэ сумняваецца» (1968), «Мегрэ і мсье Шарль» (1972) і інш. У сацыяльна-псіхалагічных раманах «Дом на канале» (1933), «Негрыцянскі квартал» (1935), «Бруд на снезе» (1948), «Браты Рыко» (1952), «Сын» (1957), «Прэзідэнт» (1958), «Турма» (1968), «I ўсё ж такі арэшнік зелянее» (1969) і інш. выкрываў расізм і галечу, каланіялізм і фашызм. Яго проза адметная ўважлівым стаўленнем да дэталі, дакладнай матывацыяй паводзін персанажаў, іх моўнай індывідуалізацыяй, псіхалагізмам у спалучэнні з займальнай інтрыгай і сюжэтным дынамізмам. Аўтар цыкла ўспамінаў «Я дыктую» (т. 1—21, 1975—81), літаратурна-крытычных прац, аўтабіяграфічных кніг, аповесцей і апавяданняў.
Некаторыя яго творы экранізаваны. На беларускую мову асобныя творы Ж. Сіменона пераклалі Ніна Мацяш, Алесь Асташонак.