Жвір[1], гравій[1] — рыхлая абломкавая асадкавая парода, складзеная з абгладжаных абломкаў горных парод і мінералаў памерамі ад 1 да 10 мм[2] (паводле некаторых прамысловых класіфікацый ад 5 да 70 мм[3]).
Паводле ўтварэння адрозніваюць жвір рачны, азёрны, марскі і ледавіковы. У чыстым выглядзе намнажэнні жвіру сустракаюцца рэдка, часцей у сумесі з пяском і галькай. Большасць пакладаў жвіру прымеркаваны да антрапагену, радзей да неагену, дэвону, мелавога перыяду і інш.
Жвір можа ўтвараць паклады (лінзападобныя або пластавыя), належыць да карысных выкапняў. Здабываецца адкрытым спосабам. Выкарыстоўваецца жвір для вытворчасці бетону, пры будаўніцтве дарог, фільтрацыйных пабудоў і інш.
На тэрыторыі Беларусі пясчана-жвіровы матэрыял пашыраны ў антрапагенавых адкладах і сканцэнтраваны пераважна ў межах Беларускай грады і Паазер’я. Разведана 248[3] радовішчаў, з іх выкарыстоўваецца 82[4].