Жан Бурген (фр.: Jean Bourgain; 28 лютага 1954, Астэндэ, Бельгія — 22 снежня 2018, Банхейдэн, Бельгія) — бельгійскі матэматык, лаўрэат Філдсаўскай прэміі (1994).
Доктарскую ступень атрымаў у Брусельскім нідэрландскамоўным універсітэце ў 1977 годзе, у 1981—1985 гадах — прафесар там жа. Затым працаваў у Францыі, з 1994 года — у Інстытуце перспектыўных даследаванняў у ЗША.
Працы прысвечаны розным раздзелам матэматыкі, такім як геаметрыя банахавай прасторы, гарманічны аналіз, аналітычная тэорыя лікаў, камбінаторыка, эргадычная тэорыя, дыферэнцыяльныя ўраўненні ў частковых вытворных, спектральная тэорыя, у апошні час таксама тэорыя груп.
У 2000 годзе пачаў займацца праблемамі мноства Какеі ў арыфметычнай камбінаторыцы.
Замежны член Шведскай каралеўскай акадэміі навук (2009), Нацыянальнай акадэміі навук ЗША (2011).