Дон Ка́рлас Мары́я Ісі́дра дэ Бурбо́н (ісп.: Carlos María Isidro de Borbón; 29 сакавіка 1788, Аранхуэс — 10 сакавіка 1855, Трыест) — іспанскі інфант, сын караля Карла IV і Марыі-Луізы Пармскай, малодшы брат Фердынанда VII. Прэтэндэнт на іспанскі прастол з 1833 па 1844 гады. У адрозненне ад унука, які таксама развязаў грамадзянскую вайну, вядомы як Дон Карлас Старэйшы.
Разам з братам Карлас быў запрошаны Напалеонам у Баёну, дзе быў прымушаны адрачыся ад сваіх правоў. У 1814 годзе, пасля рэстаўрацыі Бурбонаў, Карлас вярнуўся ў Мадрыд і ажаніўся з дачкой партугальскага караля Жуана VI Марыяй Франчэскай дэ Браганса, ад якой меў трох сыноў (сярэдні сын Хуан, граф Манцісон, у далейшым прэтэндаваў таксама на французскі прастол).
З-за бяздзетнасці Фердынанда Карлас лічыў сябе спадчыннікам прастола. Вакол яго групавалася партыя крайніх прыхільнікаў абсалютызму і клерыкалаў, якія былі вядомыя пад імем карлістаў (апастолікаў) і з’яўляліся галоўнымі віноўнікамі паўстанняў, што трывожылі Іспанію з 1833 года.
Пасля смерці брата і абвяшчэння каралевай малалетняй пляменніцы, Ізабелы II, Карлас абвясціў сябе ў Краіне Баскаў каралём Карлам V і развязаў першую карлісцкую вайну, якая працягвалася да 1839 года.
У 1844 годзе Карлас адрокся ад сваіх правоў на карысць свайго старэйшага сына. У 1847 годзе Луі-Філіп дазволіў яму падацца ў яго аўстрыйскія ўладанні, дзе ён і правёў рэштку свайго жыцця пад імем графа Маліны.