Добрушская партызанская брыгада імя І. В. Сталіна — партызанская брыгада, створаная ў ліпені 1943 года на базе партызанскага атрада імя В. М. Молатава (арганізаваны ў маі 1943). Дзейнічала на тэрыторыі Добрушскага, Веткаўскага, Церахоўскага раёнаў. 27 верасня 1943 года брыгада (771 партызан, два атрады) злучылася з Чырвонай Арміяй. Камандзіру дыверсійнай групы атрада імя В. М. Молатава Фёдару Якаўлевічу Кухараву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках Гомель — Бранск, Гомель — Жлобін, Гомель — Бахмач. У жніўні і верасні 1943 года ўдзельнічалі ў баях за ўтрыманне партызанскай зоны і выхад з акружэння ў час карных аперацый. У верасні 1943 года разам з часцямі Чырвонай Арміі ўдзельнічалі ў вызваленні Добрушскага раёна.
У 1977 годзе ў вёсцы Харошаўка і ў 1980 годзе ў пасёлку Уборак Добрушскага раёна ў гонар брыгады былі пастаўлены стэлы.