wd wp Пошук:

Дзярэзка заліўная

Дзярэзка заліўная[2], лікападыела заліўная (Lycopodiella inundata) — від раслін сямейства Дзеразовыя.

Апісанне

Шматгадовая травяністая расліна з паўзучымі, разгалінаванымі вегетатыўнымі парасткамі звычайна шчыльна прылягае да субстрату і ўкараняецца, фарміруе плямы на зямлі. Сцябло даўжынёй 75—100 см можа месцамі перарывацца і лёгка абламваецца. Спараносныя парасткі прамастойныя, вышынёй 10—15 см, негалінастыя. Лісты-філоіды лінейна-шылападобныя, вельмі дробныя, суцэльнакрайнія, зялёныя са светлым саламяна-жоўтым заканчэннем, серпападобна загнутыя ўверх.

Стробілы адзінкавыя, цыліндрычныя, сядзячыя, шырэйшыя за парасткі, нярэзка адмежаваныя ад сцябла. Спарафілы шылападобныя, зялёныя, з яйцападобна расшыранай асновай, якая мае некалькі зубцоў па краі. Споры шматлікія, светла-жеўтыя.

Пашырэнне і экалогія

Рэліктавы барэальны атлантычна-еўрапейскі лугава-балотны від. Пашырэнне ў Еўразіі: асобныя астравы і эксклавы ў Еўропе, на Каўказе, у Заходняй і Усходняй Сібіры, на Далёкім Усходзе. У Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных месцазнаходжаннях за паўднёва-ўсходняй мяжой суцэльнага пашырэння, трапляецца спарадычна, пераважна на Палессі. Арэал ахоплівае таксама Японію, Азорскія астравы і Паўночную Амерыку (на захадзе і ўсходзе).

Экалагічна адносна вузкапластычны від, прыстасаваўся да спецыфічных эдафатопаў, бедных пажыўнымі рэчывамі, і дв разрэджаных фітацэнозаў. Месцы росту: асакова-сфагнавыя балоты, вільготныя плямы ў тундры, сырыя грунтавыя агаленні і выемкі грунту. Аддае перавагу сырому торфу і пяску, на поўдні арэала трапляецца ў кар’ерах і каля дарог. Расце невялікімі, часам даволі значнымі групамі.

Асаблівасці біялогіі

Размнажаецца спорамі і вегетатыўна. На тэрыторыі Беларусі спараносіць з ліпеня да верасня. Споры прарастаюць толькі пры наяўнасці вільготнага аголенага субстрату.

Зноскі

  1. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь.. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 78. — 160 с. — 2 350 экз.
  2. Назва паводле арт. Дзярэзка. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6), ISBN 985-11-0035-8.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Артыкулы пра расліны без GRIN
Катэгорыя·Флора Паўночнай Амерыкі
Катэгорыя·Чырвоная кніга Беларусі
Катэгорыя·Лекавыя расліны
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Флора Еўразіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Дзеразовыя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара