У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кардаш. Дзяменцій Пятровіч Кардаш (1904, в. Астрагляды, Брагінскі раён, Гомельская вобласць — ?) — беларускі настаўнік, гісторык.
Скончыў Гомельскі педагагічны тэхнікум (1929), Маскоўскі гісторыка-філалагічны інстытут (1933), аспірантуру Інстытута гісторыі АН СССР.
Працаваў інструктарам ЦК КПБ, дырэктарам СШ № 16 г. Мінска (1932—1933), дырэктарам Рэчыцкае педагагічнае вучылішча (з 1933), дырэктарам Рагачоўскага (з 1935) і Пінскага настаўніцкіх інстытутаў, выкладаў у Гомельскім педагагічным інстытуце (1938—1940), выконваў абавязкі дырэктара Гродзенскага настаўніцкага інстытута (1940—1941). Пасля Вялікай Айчыннай вайны працаваў завучам у Лідскім педагагічным вучылішчы.
26 красавіка 1950 года быў арыштаваны. Асуджаны Гродзенскім абласным судом 7 жніўня 1950 года за «антысавецкую агітацыю і прапаганду» да 10 гадоў ППЛ і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Этапаваны ў Архангельскую вобласць. 9 мая 1955 года тэрмін быў зніжаны да 6 гадоў. Вызвалены 23 мая 1955 года. 3 лютага 1995 года быў рэабілітаваны Вярхоўным Судом Беларусі[1].
Папярэднік: Самуіл Якаўлевіч Раскін |
рэктар Гродзенскага настаўніцкага інстытута 1940—1941 |
Пераемнік: Мікалай Васілевіч Уласавец |