wd wp Пошук:

Дзмітрый Пятровіч Булахаў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Булахаў. Дзмітрый Пятровіч Булахаў (1959, Мінск — 8 верасня 2006) — беларускі палітык, Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь.

Біяграфія

Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мінску. Працоўную дзейнасць пачаў рабочым на швейнай фабрыцы Магілёва. У 1980—1984 гадах вучыўся ў Мінскай вышэйшай школе МУС СССР. Пасля заканчэння яе працаваў следчым, затым старшым следчым у Магілёўскім абласным упраўленні ўнутраных спраў.

У сакавіку 1990 абраны народным дэпутатам БССР, а праз тры месяцы, на першай сесіі Вярхоўнага Савета, узначаліў Камісію ВС па заканадаўстве і аўтаматычна зрабіўся членам Прэзідыуму ВС БССР.

На пачатку студзеня 1992 года на дарозе Мінск — Магілёў Булахаў, кіруючы службовай «Волгай», насмерць збіў жанчыну. У МУС вырашылі не ўзбуджаць крымінальнай справы, патлумачыўшы, што віны кіроўцы не было.

У кастрычніку 1992 Дз. Булахаў выступіў за адмову аб правядзенні ініцыяванага Беларускім народным фронтам рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах Вярхоўнага Савета па новым законе. У 1993 годзе сказаў, што «Незалежнасць — не ёсць ікона, на якую трэба маліцца». Увосень 1993, на фоне абвастрэння эканамічнай сітуацыі выступіў па тэлебачанні з падтрымкай прэм’ера В. Кебіча і рэзкай крытыкай БНФ. У студзені 1994 Дз. Булахаў паспрыяў адстаўцы С. Шушкевіча з пасады старшыні Вярхоўнага Савета, у лютым падтрымаў увядзенне прэзідэнцтва, а ў сакавіку, разам з парламенцкай большасцю, дамогся як найхутчэйшага правядзення прэзідэнцкіх выбараў — перад тым, як адбудуцца парламенцкія.

У красавіку 1994 Дзмітрый Булахаў узначаліў ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за вылучэнне на пасаду прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Журналіст і палітык Сяргей Навумчык пераказаў меркаваныя планы Дзмітрыя Булахава і Віктара Ганчара, згодна з якімі пасля выбараў апошні меў быць прызначаны прэм’ерам, а Булахаў — старшынём Канстытуцыйнага Суда; затым, калі пасля абвінавачванняў у парушэннях Канстытуцыі Лукашэнка адхіляецца ад улады, Ганчар абіраецца прэзідэнтам, а Булахаў узначальвае Вярхоўны Савет[1].

Адразу пасля інаўгурацыі, у ліпені 1994, наваабраны прэзідэнт А. Лукашэнка, вылучыў Дз. Булахава на пасаду старшыні Канстытуцыйнага Суда. Але галасоў дэпутатаў не хапіла.

У 1995 годзе Булахаў скептычна выказаўся пра ініцыяваны Лукашэнкам рэфэрэндум, затым прадстаўляў Вярхоўны Савет 12-га склікання, які ўвайшоў у канфлікт з Лукашэнкам, у Канстытуцыйным Судзе. Ён не быў абраны ў дэпутаты Вярхоўнага Савета 13-га склікання, увосень 1996 надрукаваў у прэсе «Ліст да бацькоў», дзе тлумачыў, чаму нельга падтрымліваць Лукашэнку. Далей на некалькі гадоў яго імя знікае з газетных палос, згадваецца, што ён спрабаваў сябе ў бізнэсе.

У сакавіку 2000 года ўказам Аляксандра Лукашэнкі прызначаны прадстаўніком Беларусі ў органах СНД. У красавіку 2006 Лукашэнка зрабіў яго сваім памочнікам і прадстаўніком у Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь.

Памёр Дзмітый Булахаў у сваёй кватэры ў ноч з 7 на 8 верасня 2006 года. Пахаваны на мінскіх Усходніх могілках.

Зноскі

  1. Навумчык С. Дзевяноста чацьверты. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015. — С. 104—105

Літаратура

Навумчык С. Дзевяноста чацьверты. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015. 350 с.: іл. ISBN 978-0-929849-70-6

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Заслужаныя юрысты Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Памочнікі Прэзідэнта Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Дыпламаты Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1959 годзе
Катэгорыя·Дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Памерлі ў 2006 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Пахаваныя на Усходніх могілках Мінска
Катэгорыя·Выпускнікі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Палітыкі Беларусі
Катэгорыя·Памерлі 8 верасня