wd wp Пошук:

Джымі Хофа

Джэймс Рыдлі «Джымі» Хофа (англ.: James Riddle «Jimmy» Hoffa; 14 лютага 1913 — не раней за 30 ліпеня 1975, меркавана — канец ліпеня — пачатак жніўня 1975 года; афіцыйна прызнаны памерлым 30 ліпеня 1982 года) — амерыканскі прафсаюзны дзеяч, прэзідэнт Міжнароднага братэрства вадзіцеляў грузавікоў з 1957 па 1971 год, нечакана зніклы пры загадкавых абставінах.

Біяграфія

Джымі Хофа нарадзіўся ў Бразіле, у штаце Індыяна 14 лютага 1913 года ў сям’і з нямецкімі і ірландскімі каранямі.

Працоўную дзейнасць пачаў у 14 гадоў. У 1932 годзе арганізаваў першасную прафсаюзную суполку Міжнароднага братэрства вадзіцеляў грузавікоў, хоць сам Хофа ніколі не працаваў вадзіцелем грузавіка. У 1946 годзе Хофа ўзначаліў прафсаюзны камітэт Дэтройта, затым узначаліў Мічыганскую прафсаюзную групу. У 1952 годзе на з’ездзе прафсаюза ў Лос-Анджэлесе быў абраны віцэ-прэзідэнтам усяго прафсаюза. У 1957 годзе Хофа стаў прэзідэнтам братэрства.

З пачатку сваёй працы ў прафсаюзе Джымі Хофа быў звязаны з арганізаванай злачыннасцю. У 1964 годзе Хофа быў прызнаны вінаватым у спробе подкупу прысяжных і асуджаны на 15 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне пачаў адбываць толькі ў 1967 годзе. Аднак у 1971 годзе Хофа датэрмінова выйшаў на волю, у абмен на сыход з пасады прэзідэнта прафсаюза і адмову ад заняцця прафсаюзнай дзейнасцю на працягу 10 гадоў.

Хофа знік 30 ліпеня 1975 года пасля 14:45. У гэты час яго апошні раз бачылі на стаянцы каля рэстарана ў прыгарадзе Дэтройта, перад гэтым ён зрабіў званок жонцы і паведаміў, што яго падманулі, пры гэтым ён, па словах жонкі, нерваваўся. У рэстаране Хофа, як мяркуецца, павінен быў сустрэцца з двума мафіёзі і былымі прафсаюзнымі дзеячамі Энтані Правензана і Энтані Джакалоне, але абодва яны ў той дзень знаходзіліся далёка адтуль і пазней адмаўлялі, што такая сустрэча планавалася. Калі ўвечары Хофа не вярнуўся дадому, яго жонка звярнулася ў паліцыю. На стаянцы была знойдзена незачыненая машына Хофы.

У культуры

Па матывах біяграфіі Хофы былі знятыя фільмы «Кулак», «Раферці» і «Хофа» (у апошнім фільме ролю Джымі Хофы выканаў Джэк Нікалсан).

У 2004 годзе пісьменнік Чарльз Брант апублікаваў кнігу «Я чуў, што ты фарбуеш дамы», заснаваную на апавяданнях Фрэнка Шырана, паплечніка Хофы па прафсаюзу. У гэтай кнізе Фрэнк Шыран нібыта прызнаецца ў тым, што ён здзейсніў забойства Хофы[4]. Па матывах кнігі ў 2019 годзе Марцін Скарсэзэ зняў фільм «Ірландзец». Ролю Джымі Хофы ў гэтым фільме выканаў Аль Пачына.

Зноскі

  1. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. Jimmy Hoffa // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. https://www.britannica.com/biography/James-R-Hoffa
  4. Чарльз Брандт. Высновы. Гісторыі, якія нельга было расказаць раней // Я чуў, што ты фарбуеш дамы = I Heard You Paint Houses. — М.: «ГрандМастер», 2018. — 510 с. — ISBN 978-5-04-091063-2.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Прафсаюзныя дзеячы ЗША
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Памерлі ў 1975 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Індыяне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся 14 лютага
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў Мічыгане
Катэгорыя·Зніклыя без вестак
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1913 годзе