У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Полані.
Джон Чарлз Полані (венг.: Polányi János Károly; нар. 23 студзеня 1929, Берлін, Германія) — канадскі хімік, сын вядомага брытанскага хіміка і філосафа Майкла Полані, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па хіміі 1986 года «за ўклад у развіццё даследаванняў дынамікі элементарных хімічных працэсаў», якую ён падзяліў з Лі Юаньчжэ і Дадлі Хершбахам.
Член Каралеўскага таварыства Канады (1966), Лонданскага каралеўскага таварыства (1971)[9], замежны член Нацыянальнай акадэміі навук ЗША (1978)[10], член Папскай акадэміі навук (1986)[11].
Джон Полані нарадзіўся 23 студзеня 1929 года ў Берліне. Бацька — вядомы хімік Майкл Полані, маці — Магда Элізабет Полані. З прыходам да ўлады нацыстаў у 1933 годзе, з-за яўрэйскага паходжання сям’я была вымушаная бегчы ў Манчэстэр, дзе яго бацька стаў прафесарам хіміі Манчэстэрскага ўніверсітэта. Джон Полані скончыў Манчэстэрскі ўніверсітэт у 1949 годзе, а ў 1952 годзе там жа абараніў дысертацыю па хіміі. У 1952—1954 гадах працаваў у Дзяржаўным навукова-даследчым Савеце Канады ў Атаве, у тым ліку ў лабараторыі будучага Нобелеўскага лаўрэата (1971 года) Герхарда Герцберга, дзе сабраў спектраскапічную ўстаноўку для праверкі вагальнага і вярчальнага ўзбуджэння ў малекулах ёда. У 1954—1956 гадах стажыраваўся ў Прынстанскім універсітэце. У 1956 годзе стаў выкладчыкам універсітэта Таронта, а ў 1962 годзе — прафесарам.
Полані распрацаваў метад інфрачырвонай хемілюмінесцэнцыі для вывучэння дынамікі хімічных працэсаў.
У 1992 годзе падпісаў «Папярэджанне чалавецтву»[12].