У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Томсан.
Сэр Джозеф Джон Томсан (18 снежня 1856 — 30 жніўня 1940) — англійскі фізік, які адкрыў электрон, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы (1906).
Томсан нарадзіўся ў 1856 г у Чытэм-Хіле (Cheetham Hill) паблізу Манчэстэра. Вывучаў фізіку ў лабараторыі Бальфура Сцюарта ў Оўенс-каледжы ў Манчэстэры, затым ў 1876 годзе выйграў стыпендыю на навучанне ў Кембрыджы, дзе правучыўся да 1880. З 1882 г. лектар па матэматыцы ў Trinity Colledge (Кембрыдж). З 1884 замясціў Рэлея, стаўшы прафесарам фізікі на кафедры эксперыментальнай фізікі ў Кембрыджы. У 1882 г. удастоены прэміі Адамса за сачыненне пра рух віхуроў («Treatise on the motion of vortex rings»). У 1890 ажаніўся з Розай Пейджт (Rose Paget), у іх было двое дзяцей.
У 1881 годзе Дж. Дж. Томсан ўвёў паняцце электрамагнітнай масы, назваўшы гэтак тую частку масы, якая абумоўлена энергіяй электрастатычнага поля зараджанай часціцы. Гэтая праца лічыцца першай працай, у якой абмяркоўваецца сувязь энергіі і масы.
У 1897 адкрыў электрон, за што ў 1906 годзе быў удастоены Нобелеўскай прэміі па фізіцы з фармулёўкай «за даследаванні праходжання электрычнасці праз газы». Сын Томсана Джордж Паджэт Томсан (George Paget Thomson, 1892—1975) таксама з часам стаў Нобелеўскім лаўрэатам па фізіцы — у 1937 годзе за эксперыментальнае адкрыццё дыфракцыі электронаў на крышталях.