wd wp Пошук:

Даўгмале

Даўгмале — гарадзішча на левым беразе ракі Заходняя Дзвіна, у 22 км на паўднёвы ўсход ад Рыгі (Латвія) — рэшткі старажытнага горада з пасадам і гаванню. Археалагічныя раскопкі праводзіліся ў 1933, 19351937, 19661970, найстаражытнейшыя знаходкі — бронзавыя сярпы, каменныя прылады датуюцца кан. 2-га тыс. да н.э., умацаванні на паселішчы з’явіліся ў пачатку нашай эры.

Горад існаваў з пач. X ст., размяшчаўся ў акрузе Пуцелене земгальскай зямлі Упмале. Каля горада было некалькі сёлаў — селішчы на астравах Доле і Марціньсала і селішча Лаўкскола на процілеглым беразе Дзвіны. У IX — 1-й пал. X ст. паселішча было цалкам земгальскае, у XI ст. Даугмале было ўжо ў значнай ступені ліўскім, тымчасова тут жылі і скандынавы. Гарадзішча плошчай 0,4 га, пасад — 2 га, гавань, два грунтавых магільнікі — Даўгмалес Лівес (VII-XII ст., земгала-села-латгала-скандынава-ліўскі) і Томес Нарыняс (XI—XII ст., ліўскі).

Росквіт гарода — 2-ая пал. X — 1-ая пал. XI ст., калі паселішча з этнічна мяшаным насельніцтвам (земгалы, латгалы, лівы, русіны і скандынавы) робіцца цэнтрам транзітнага гандлю і рамёстваў. У Даўгмале знойдзена больш за 190 манет VIII-XII ст. (арабскія, візантыйскія і заходнееўрапейскія),[1] з іх 130 з’яўляюцца асобнымі знаходкамі, 60 у складзе скарбаў. У пластах гэтага часу знойдзеныя жыллё, жалезаплавільныя печы (знойдзена 265 цігляў і іх фрагментаў), ювелірныя і іншыя майстэрні з прыладамі працы, гаспадарчыя пабудовы, рамесныя вырабы ў т.л. па ўсходніх і заходніх узорах, а таксама розных прывазных прадметаў (шкляныя пацеркі, бронзавыя і срэбныя зліткі, рускія шыферныя прасніцы і інш.). У горадзе апрацоўвалі бронзу, волова і срэбра — вырабы з Даўгмале (падвескі — фігуркі, крыжыкі, мініяцюрныя сякеркі і інш.) трапляюцца на тэрыторыі сучасных Беларусі, Расіі, Украіны і Фінляндыі.

Заняпад горада пачаўся з сяр. XI ст. і быў звязаны са з’яўленнем у Ніжнім Падзвінні полацкіх прыгарадаў Герцыке і Кукенойса. Канчаткова горад заняпаў у кан. XII — пач. XIII ст., калі ўмацаванні Даўгмале былі разбураныя і больш не аднаўляліся. Разбурэнне было звязанае з будаўніцтвам немцамі Рыгі, бо Даўгмале было яе гандлёвым канкурэнтам. Магчыма з гэтым звязана адзіная, хоць і ўскосная, узгадка Даўгмале ў крыніцах — у Хроніцы Лівоніі Генрыха Латвійскага згаваецца «земгальская гавань». У 1200 годзе Папа Рымскі Інакенцій III, пад пагрозай царкоўнага пракляцця, забараніў усім гандлярам захадзіць ў «земгальскую гавань» з мэтаю гандлю. У той жа хроніцы апісаны выпадак, калі за парушэнне гэтай забароны гандляр і лоцман карабля былі пакараныя смерцю.

Зноскі

  1. Буйнейшы нумізматычны матэрыял ва Усходняй Прыбалтыцы

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Гарадзішчы Латвіі
Катэгорыя·Земгале
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96