Далё́каўскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Цэнтр — аграгарадок (да 2010 г. вёска) Далёкія.
Утвораны 12 кастрычніка 1940 года ў складзе Відзаўскага раёна Вілейскай вобласці БССР. З 20 верасня 1944 года ў складзе Полацкай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — Маладзечанскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Мілашкаўскага сельсавета[1]. 27 сакавіка 1959 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Богінскага сельсавета[2]. З 20 студзеня 1960 года ў складзе Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. У 1971 годзе скасавана вёска Феліксава (злілася з вёскай Богіна)[3]. 26 сакавіка 1973 года скасаваны хутары Кукцішкі і Ядвігава[4]. 21 верасня 1987 года ў склад сельсавета з Казянскага сельсавета перададзены 4 населеныя пункты (Вусце, Коўшанкі, Стаўрова і Чэрніца), а ў склад Відзаўскага сельсавета перададзены 13 населеных пунктаў (Абалікшты, Белевічы, Вайнюнцы, Дварчына, Заборнікі, Мацэлішкі, Місянцы, Мурмішкі, Разалінова, Шалакундзі, Юцішкі, хутары Балундзішкі і Наруці)[5].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 1104 чалавекі[6], з іх 63,6 % — беларусы, 26,1 % — палякі, 9,6 % — рускія[7].