Дадлі Роберт Хершбах (англ.: Dudley Rоbert Herschbach; нар. 18 чэрвеня 1932, Сан-Хасэ, ЗША) — амерыканскі хімік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па хіміі (1986) «за ўнесены ўклад у развіццё даследаванняў дынамікі элементарных хімічных працэсаў», якую ён падзяліў з Лі Юаньчжэнам і Джонам Полані.
Хершбах нарадзіўся 18 чэрвеня 1932 года ў каліфарнійскім горадзе Сан-Хасэ. З дзяцінства захапляўся спортам, дзякуючы якому атрымаў стыпендыю для навучання ў Стэнфардскім універсітэце. У 1954 годзе ён атрымаў ступень бакалаўра па матэматыцы, а ў 1955 — ступень магістра хімічных навук. Пасля гэтага паступіў у Гарвардскі ўніверсітэт, дзе атрымаў ў 1956 годзе ступень магістра фізічных навук, а ў 1958 годзе — ступень доктара па хімічнай фізіцы. У 1963 годзе стаў прафесарам хіміі Гарвардскага ўніверсітэта.
Яшчэ студэнтам Xершбах займаўся малекулярнымі пучкамі — патокамі малекул, якія перасякаюць вакуумную камеру, у якой рэгіструецца змяненне энергіі, што дазваляла з большай дакладнасцю сачыць за індывідуальнымі малекуламі ў працэсе іх узаемадзеяння. У 1967 годзе Xершбах сумесна з Лі Янам распрацавалі метад перасякальных малекулярных пучкоў, пры якім першапачаткова вымераныя колькасці ўяўляюць сабой трансляцыйныя і вуглавыя размеркаванні. У 1986 годзе ён атрымаў Нобелеўскую прэмію па хіміі «за ўнесены ўклад у развіццё даследаванняў дынамікі элементарных хімічных працэсаў».