Гіжэ́нскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Цэнтр — аграгарадок (да 2009 года вёска) Гіжэнка.
Утвораны 20 жніўня 1924 года як Аляксандраўскі сельсавет у складзе Прапойскага раёна Магілёўскай акругі БССР. Цэнтр — вёска Аляксандраўка. 21 жніўня 1925 года цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Гіжэнка, сельсавет перайменаваны ў Гіжэнкаўскі (Гіжэнскі) сельсавет. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Прапойскім раёне БССР, з 20 лютага 1938 года — Магілёўскай вобласці. 23 мая 1945 года Прапойскі раён быў перайменаваны ў Слаўгарадскі. 30 лістапада 1961 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Целяшоўскага сельсавета[1]. З 25 снежня 1962 года ў складзе Чавускага раёна. 22 лістапада 1963 года цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Целяшы, сельсавет перайменаваны ў Целяшоўскі[2].
15 студзеня 1965 года цэнтр Целяшоўскага сельсавета Слаўгарадскага раёна перанесены ў вёску Гіжэнка, сельсавет перайменаваны ў Гіжэнскі[3]. 22 сакавіка 2007 года скасавана вёска Дашкаўка[4], 10 снежня 2009 года — вёскі Забалацце і Красны Акцябр[5].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 1080 чалавек[6], з іх 94,0 % — беларусы, 3,5 % — рускія, 1,3 % — украінцы, 1,0 % — армяне[7]. Станам на 2011 год у сельсавеце налічвалася 485 двароў, 1140 жыхароў.