Графаманія (ад грэч.: γράφω — пішу, малюю і грэч.: μανία — вар’яцтва, шаленства, захопленасць) — хваравітае імкненне «стаць пісьменнікам» у асоб, якія не маюць літаратурных здольнасцей. У аснове графаманіі ляжыць наіўнае ўяўленне пра літаратурную працу як лёгкую і нескладаную. Асноўнымі элементамі графаманскага пісьма выступаюць небагаты слоўнікавы запас, панылая апісальнасць, трафарэтная кампазіцыя, спрошчанасць чалавечых характараў, адсутнасць у творах значных і актуальных праблем.
Па-за псіхіятрычным кантэкстам паняцце «графаманія» нярэдка прымяняецца да літаратуры, якая наіўна грэбуе агульнапрынятымі ў элітарнай і масавай літаратурах эстэтычнымі крытэрыямі, да незвычайна прадуктыўных «дрэнных» аўтараў.
Адной з самых частых прычын графаманіі некаторыя даследчыкі называюць гіперкампенсацыю комплексу непаўнавартаснасці, а частка выпадкаў — выражэннем бязглуздай ці звышкаштоўнай ідэі ідэнтыфікацыі сябе з выдатным пісьменнікам[1]. Адзін з прыкладаў графамана — Ёзеф Гебельс, які, прэтэндуючы на ролю галоўнага гістарыёграфа Другой сусветнай вайны, спісаў 16 тысяч старонак машынапісу даволі тэндэнцыйнымі тэкстамі[1].
Графаманія сустракаецца пры некаторых формах шызафрэніі, параноі, маніякальным і гіпаманіякальным станах і пры іншых псіхічных расстройствах[2]. Пры сіндроме Кандзінскага — Клерамбо хворыя могуць сцвярджаць, што іх прымушаюць шмат пісаць нейкія знешнія сілы[1]. Графаманічныя тэндэнцыі нярэдкія ў суцяжных псіхапатаў (пры параноідным расстройстве асобы).