wd wp Пошук:

Гракі прыляцелі

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Гракі прыляцелі (значэнні). «Гракі́ прыляце́лі» — хрэстаматыйны[1][2] пейзаж рускага мастака Аляксея Саўрасава (1830—1897), створаны ў 1871 годзе. Захоўваецца ў Дзяржаўнай Траццяковской галерэі (інв. 828). Памер — 62 × 48,5 см[3]. Гэтае палатно лічыцца самым вядомым творам Саўрасава[4][5], а яго з’яўленне разглядаецца як «важны этап у развіцці рускага пейзажнага жывапісу»[6].

Саўрасаў пачаў сваю працу над «Гракамі» у сакавіку 1871 года. Натурныя эцюды да будучага палатна былі напісаны мастаком падчас яго паездкі ў Кастрамскую губерню, калі ён знаходзіўся ў вёсцы Малвіціна (цяпер пасёлак Сусаніна Кастрамской вобласці)[7][8][9]. Правобразам храма, намаляванага на карціне, з’яўляецца пабудаваная ў канцы XVII стагоддзя Васкрасенская царква, якая захавалася да нашых дзён[10]. Месца, дзе працаваў мастак, пацвярджаецца яго надпісам, зробленай у левым ніжнім куце палатна: «1871. С. Молвитино. А. Саврасовъ»[3]. Некаторыя даследчыкі творчасці Саўрасава мяркуюць, што самыя першыя малюнкі і эцюды да задуманай карціны маглі быць выкананы мастаком у Яраслаўлі або яго ваколіцах, незадоўга да яго паездкі ў Кастрамскую губерню[11][12]. Пасля вяртання з Малвіціна Саўрасаў працаваў над карцінай у Яраслаўлі[13], а затым дапрацоўваў кампазіцыю ў Маскве[14], куды ён вярнуўся ў пачатку траўня. Палатно было названа мастаком «Вось прыляцелі гракі». Улетку 1871 года карціна была набыта ў Саўрасава Паўлам Траццяковым[15][16].

Восенню 1871 года палатно экспанавалася на выставе Маскоўскага таварыства аматараў мастацтваў (МТАМ)[17], а ў канцы таго ж года карціна, ужо пад яе цяперашняй назвай (у каталогу яна была паказаная з клічнікам — «Гракі прыляцелі!»), была прадстаўлена на 1-й выставе Таварыства перасоўных мастацкіх выставак (ТПМВ)[3], якая адкрылася 28 лістапада ў Санкт-Пецярбургу[18][19]. «Гракі» атрымалі добрыя водгукі: мастак Іван Крамской пісаў, што на выставе гэты пейзаж «ёсць лепшы, і ён сапраўды выдатны»[20][21], а мастацкі крытык Уладзімір Стасаў адзначаў, што гэта, «напэўна, найлепшая і найарыгінальныя карціна г. Саўрасава»[22].

Мастак Ісак Левітан лічыў «Гракоў» адной з лепшых карцін у творчасці Саўрасава. Адзначаючы ўяўную немудрагелістасць сюжэту, ён пісаў, што «за гэтай прастатой вы адчуваеце мяккую, добрую душу мастака, якому ўсё гэта дорага і блізка ягонаму сэрцу…»[23]. Мастацтвазнаўца Аляксей Фёдараў-Давыдаў называў карціну «Гракі прыляцелі» выбітным творам мастацтва і адзначаў, што «яна мае не толькі мастацкае, але і агульнакультурнае значэнне»[6][13]. Крытык і музыказнаўца Барыс Асаф’еў пісаў, што гэтая карціна стала «сімвалам мастацкага абнаўлення сферы рускага пейзажу на „далёка наперад“», і што гэтым творам Саўрасаў адкрыў «новае адчуванне вясны і вясновасці»[24].

Зноскі

  1. А. А. Фёдоров-Давыдов, 1950, с. 44
  2. Н. Н. Новоуспенский, 1967, с. 67
  3. 1 2 3 Каталог ГТГ, т. 4, кн. 2, 2006, с. 281
  4. Саврасов Алексей Кондратьевич (HTML). Вялікая расійская энцыклапедыя — bigenc.ru. Праверана 11 жніўня 2017.
  5. Е. Ф. Петинова, 2001, с. 198
  6. 1 2 А. А. Фёдоров-Давыдов, 1950, с. 43
  7. Е. Ф. Петинова, 2001, с. 196
  8. Н. Н. Новоуспенский, 1967, с. 57
  9. В. А. Петров, 1983, с. 20
  10. Н. А. Зонтиков, 1999, с. 12, 22
  11. Ф. С. Мальцева, 1999, с. 17
  12. В. А. Петров, 2005, с. 20—21
  13. 1 2 Н. Н. Новоуспенский, 1967, с. 56
  14. В. А. Петров, 2005, с. 22
  15. О. М. Добровольский, 2001, с. 185
  16. Ф. С. Мальцева, 1977, с. 299
  17. Н. Н. Новоуспенский, 1967, с. 64—65
  18. Э. П. Гомберг-Вержбинская, 1970, с. 3—5
  19. Н. Ф. Лапунова, 1969, с. 28
  20. И. Н. Крамской, 1988, с. 67
  21. В. И. Порудоминский, 1974, с. 73
  22. В. В. Стасов, 1950, с. 58
  23. И. И. Левитан, 1956, с. 108
  24. Б. В. Асафьев, 1955, с. 80

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum
Катэгорыя·Пейзажы
Катэгорыя·Іншыя значэнні: старонка не існуе
Катэгорыя·Карціны са збораў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі
Катэгорыя·Карціны 1871 года
Катэгорыя·Карціны паводле алфавіта