У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Баер.
Герберт Баер (ням.: і англ.: Herbert Bayer; 1900, Хаг-ам-Хаўсрук — 1985, Мантэсіта) — аўстрыйскі графічны дызайнер, мастак, фатограф, скульптар. З’яўляўся вядомым прадстаўніком мастацкага руху Баўхаўс.
Герберт Баер нарадзіўся 5 красавіка 1900 года ў невялікай вёсцы каля Зальцбурга ў паўночнай частцы Аўстрыі. У 19 гадоў ён стаў вучнем мастака Георга Шмітхамера, у майстэрні якога займаўся стварэннем постараў і рэкламных плакатаў. Ва ўзросце 21 года Баер адправіўся ў Германію, дзе папрацаваў некаторы час у майстэрні венскага архітэктара Эмануэля Маргольда, неўзабаве далучыўся да мастацкага руху Баўхаўс.
У 1925 годзе Герберт прыняў на сябе кіраўніцтва друкавана-рэкламным цэхам школы Баухаўс у Дэсаў, тамсама ён адказваў за дызайн друкаваных выданняў.
З 1928 года Баер займаў пасаду арт-дырэктара нямецкага выдання часопіса «Vogue». У 1938 г. пераехаў у Амерыку, дзе на працягу наступных гадоў працаваў у сферы дызайну.
На працягу ўсяго творчага шляху Герберт Баер арганізаваў больш за 150 персанальных выставак, а яго працы прыцягвалі сур’ёзную ўвагу — працам Баера прысвячаліся артыкулы і кнігі. У наш час творчасць Баера знаходзіцца больш за ў 40 музеях Еўропы і Амерыкі, а таксама ў шматлікіх прыватных калекцыях. У фотаскульптуры «Метамарфоза» Баер спасылаўся на сваю вядомую вокладку часопіса школы Баухаўс ад 1928 года, у чарговы раз выкарыстоўваючы геаметрычныя целы, такія як кубы, сферы і конусы.