wd wp Пошук:

Генрых X Горды

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Генрых.

Генрых Горды (ням.: Heinrich der Stolze; каля 1108 — 20 кастрычніка 1139) — герцаг Баварыі пад імем Генрых X з 1126 года, герцаг Саксоніі пад імем Генрых II з 1137 года, маркграф Тасканы з 1137 года, з роду Вельфаў.

Другі сын герцага Баварыі Генрыха IX Чорнага, і Вулфілд (пам. 29 снежня 1126 года), старэйшай дачкі герцага Саксоніі Магнуса. Яго старэйшы брат Конрад быў манахам-цыстэрцыянцам і памёр у 1126 годзе незадоўга да смерці сваіх бацькоў.

Біяграфія

Генрых атрымаў у спадчыну Баварыю пасля таго, як яго бацька Генрых IX сышоў у манастыр і неўзабаве затым памёр у 1126 годзе. Як было раней дамоўлена паміж Генрыхам IX і імператарам Лотарам II, Генрых Горды ажаніўся 29 мая 1127 года з адзінай дачкой і спадчынніцай імператара Гертрудай. Такім чынам, пад яго кантроль перайшлі вялікія ўладанні на поўначы Германіі, якія раней належалі родам графаў Суплінбурга, Браўншвайга (Брунанам) і Нортхейма.

Генрых Горды быў верным прыхільнікам імператара ў барацьбе з Штаўфенамі: братамі Фрыдрыхам II, герцагам Швабіі, асноўным супернікам Лотара за нямецкую карону на выбарах 1125 года, і Конрадам, герцагам Франконіі, абвешчаным сваімі прыхільнікамі каралём у 1127 годзе. Генрых беспаспяхова аблажыў Нюрнберг (1127 год), браў удзел у захопе Шпаера (1129 год) і ўзяў Ульм (1134 год). У 1129 годзе Генрых Горды паспрабаваў зманам захапіць у палон Фрыдрыха II, але пацярпеў няўдачу. Вайна завяршылася ў 1135 годзе, калі Штаўфены прызналі ўладу Лотара. Адначасова Генрых Горды ўвязаўся ў Баварыі ў канфлікт (які доўжыўся да 1133 года) за прызначэнне епіскапа Рэгенсбурга з Фрыдрыхам, графам Богена.

У 1136—1137 гадах Генрых суправаджаў імператара ў паходзе ў Італію. У Італіі Лотар дараваў яму тытул маркграфа Тасканы, а рымскі Папа Інакенцій II перадаў яму тэрыторыі, якія раней належалі маркграфіні Мацільдзе Тасканскай.

Незадоўга да смерці, Лотар II прысвоіў Генрыху тытул герцага Саксоніі і перадаў каралеўскія рэгаліі. Калі імператар 4 снежня 1137 года памёр, Генрых Горды як яго зяць і, несумнеўна, найбольш магутны з князёў Германіі быў галоўным прэтэндэнтам на каралеўскую карону. Аднак каралём 7 сакавіка 1138 года быў выбраны былы антыкароль Конрад III, герцаг Франконіі. Генрых Горды перадаў Конраду каралеўскія рэгаліі, але адмовіўся падпарадкавацца яго патрабаванню адмовіцца ад аднаго з двух герцагстваў. Пасля няўдалай спробы дасягнуць пагаднення, кароль пазбавіў Генрыха абаіх герцагстваў. Саксонія была перададзена маркграфу Паўночнай маркі Альбрэхту Мядзведзю, сыну малодшай дачкі герцага Магнуса, а Баварыя — маркграфу Аўстрыі Леапольду IV. Генрых Горды хутка атрымаў перамогу над Альбрэхтам у Саксоніі і збіраўся ўварвацца ў Баварыю, але раптам памёр у Кведлінбургу. Пахаваны ў Кёнігслутэры побач з Лотарам II.

Правы яго малалетняга сына Генрыха Льва ў Саксоніі працягвала абараняць удава Лотара II Рыхенза, а ў Баварыі — малодшы брат Генрыха Вельф VI.

Грабніца Генрыха X Гордага ў Кёнігслутэры (справа)

Шлюб і дзеці

Генрых X Горды і Гертруда Суплінбургская

Жонка — з 7 сакавіка 1127 года Гертруда (18 красавіка 1115 — 18 красавіка 1143), дачка Лотара II Суплінбургскага і Рыхензы, графіні Нортхейма. Сын:

Зноскі

  1. 1 2 https://www.biografiasyvidas.com/biografia/e/enrique_x.htm
  2. 1 2 Kindred Britain
  3. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў Германіі
Катэгорыя·Пахаваныя ў Ніжняй Саксоніі
Катэгорыя·Дынастыя Вельфаў
Катэгорыя·Памерлі 20 кастрычніка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1108 годзе
Катэгорыя·Вельфы
Катэгорыя·Кіраўнікі Еўропы XII стагоддзя
Катэгорыя·Герцагі саксонскія
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Герцагі баварскія
Катэгорыя·Памерлі ў 1139 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных