wd wp Пошук:

Гарох пасяўны

Гарох пасяўны[3] (Pisum sativum) — травяністая расліна сямейства бабовых. Культывуецца як харчовы прадукт, корм для жывёлы і зялёнае ўгнаенне.

Назва

Гарох пасяўны, гарох, стручча[3][4][5][6].

Апісанне

Аднагадовая травяністая расліна з полым, простым або штамбавым сцяблом ад светла-зялёнага да цёмна-зялёнага колеру, вышынёю ад 0,2 да 2 м. Лісце няпарнаперыстае з 1—3 парамі лісцікаў, якія заканчваюцца вусікамі. Кветкі белыя, двухполыя, самаапыляльныя з 10 тычынкамі. Каранёвая сістэма моцна разгалінаваная, стрыжнёвая, добра засвойвае цяжкарастваральныя мінеральныя солі і звязвае азот паветра, пераводзячы яго ў даступныя для раслін злучэнні. Плод гароху — струк.

Струкі гароху

Агароднінны гарох мае высокія харчовыя і смакавыя якасці. Ён мае ў сабе 6—9 % цукру, 6—7 % бялку, 2— 4 % крухмалу, 30—40 мг% вітаміну С. У бялку гароху ёсць усе незаменныя для чалавечага арганізма амінакіслоты.

Гарох бывае лушчыльных або цукровых сартоў. Лушчыльныя сарты агародніннага гароху ў створках маюць унутраны скурысты так званы пергаментны слой. Гэта ранняя сыравіна для прыгатавання кансерваў «зялёны гарошак». У цукровых сартоў пергаментнага слоя на створках няма, і ў зялёным выглядзе стручкі спажываюць у ежу цалкам, калі гарох у іх у зачаткавым стане; называюць іх «лапаткамі». Насенне гароху па форме бывае трох тыпаў: круглаватае, мазгавое і пераходнае.

Распаўсюджанне

Радзіма — Міжземнамор’е. Культывуюць у Еўропе, Азіі, Паўночнай Амерыцы.

Агратэхніка

Агароднінны гарох — холадаўстойлівая расліна. Насенне прарастае пры 4—6 °C, а ўсходы вытрымліваюць кароткачасовыя замаразкі да −4 °C. Ён патрабавальны да вільгаці, асабліва ў перыяд прарастання насення, любіць святло, дрэнна расце на кіслых глебах. Месца пад гарох у агародзе выбіраюць адкрытае, сонечнае. Лепшыя папярэднікі: буракі, бульба, капуста. Увосень і вясной глебу перакопваюць. На ўрадлівых глебах угнаенне не ўносяць, калі глебы бедныя, уносяць мінеральныя ўгнаенні.

Насенне сеюць стужачным спосабам па 3 радкі ў кожнай стужцы з адлегласцю паміж радкамі 12—15 см, паміж стужкамі 45—50 см, на глыбіню 5—6 см. Каб засцерагчы насенне ад выклёўвання птушкамі, участак накрываюць паперай або плёнкай да паяўлення ўсходаў.

Догляд уключае паліванне (першае да паяўлення ўсходаў, другое ў пачатку цвіцення, трэцяе і чацвёртае ў перыяд налівання насення), праполку, рыхленне. Калі ўсходы памацнеюць і пойдуць у рост, да расліны ставяць пруткі, за якія яна чапляецца і расце вертыкальна.

Убіраюць гарох лушчыльных сартоў на зялёны гарошак, калі зерне ў стручку дасягне максімальнай велічыні, а створкі сакавітыя і зялёныя, без прыкмет сеткі, з’яўленне якой сведчыць аб тым, што гарошак пераспеў. Гарох цукровых сартоў убіраюць, калі зерне ў зачаткавым стане, а струкі зялёныя, пляскатыя, мясістыя, сакавітыя. Уборку ўсіх сартоў праводзяць некалькі разоў за сезон.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. 1 2 Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь.. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 98. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. З. Верас, Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік, Выданне газеты «Голас беларуса», Друкарня С. Бэкэра. Вiльня, Субач 2, 1924
  5. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
  6. Добровольский В. Н. Смоленский областной словарь. Смоленск, 1914

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Кармавыя расліны
Катэгорыя·Расліны, апісаныя ў 1753 годзе
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Харчовыя расліны
Катэгорыя·Бабовыя (трыба)