wd wp Пошук:

Вінцэнт Гажэльняскі

Вінцэнт Гажэльняскі, або Гажальняскі (польск.: Wincenty Gorzelniaski; 21 студзеня 1872, Костшын, Прусія — 23 мая 1929, Лодзь, Польшча) — кампазітар, рэлігійны і грамадскі дзеяч; удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст.

Сын Яна Хрызастома Гажальняскага і Юльяны з Садоўскіх. Cкончыў Школу касцёльнай музыкі ў Рэгенсбургу (1897). Прафесар спеваў у Імператарскай рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу, арганіст і дырыжор хора ў кафедральным саборы св. Кацярыны. Выдаў новы тыраж «Trzech Hymnów narodowych» (Масква, 1916)[1]. У 1917 годзе выйшла з друку яго кніга «Касцельныя песні» (Петраград, 1917); напісаў ноты для беларускай рэлігійнай песні «O Moj Boze, wieru Tabie» (надрукавана як улётка на 2 аркушы, Петраград, 1917), абодва выданні выйшлі ў выдавецтве «Люцыян Хвецька і суполка». Шэраг спеваў з выданняў 1917 года ўвайшло ў беларускую каталіцкую традыцыю і выкарыстоўвалася ў зборніках К. Сваяка і А. Станкевіча. У час бальшавіцкіх рэпрэсій з рызыкай для жыцця выявіў месца зняволення архібіскупа Яна Цепляка і прычыніўся яго вызваленню. У 2-й палове 1920-х гадоў жыў у Лодзі, быў арганістам і кіраўніком хору ў кафедральным саборы. Выдаў у Лодзі «Śpiewnik kościelny dla użytku młodzieży szkolnej» (1925).

Апроч рэлігійных кампазіцый, В. Гажальняскі вядомы творамі ў галіне класічнай музыкі. Напісаў музыку да хораў Іфігеніі ў Аўлідзе Эўрыпіда, якую выконвалі школьныя тэатры ў Варшаве, Лодзі і іншых гарадох. Стварыў музыку да шматлікіх метраў Гарацыя, якая ўвайшла ў зборнік «Poezja łacinska w pieśni» Ст. Цыбульскага. Запісаныя на грамафонныя пласцінкі, кампазіцыі В. Гажальняскага часта выкарыстоўвалі на ўроках латыні.

Зноскі

  1. Dioniza Wawrzykowska-Wierciochowa. Mazurek Dąbrowskiego: dzieje polskiego hymnu narodowego. — Wydawn. Ministerstwa Obrony Narodowej, 1974. — S. 421.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Артыкулы пра музыкантаў без партрэтаў
Катэгорыя·Памерлі 23 мая
Катэгорыя·Выкладчыкі Імператарскай Рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі
Катэгорыя·Каталіцкія святары
Катэгорыя·Музыканты паводле алфавіта
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў 1929 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Лодзі
Катэгорыя·Нарадзіліся 21 студзеня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1872 годзе