Вячаслаў Аляксеевіч Шаршуноў (нар. 4 мая 1949, в. Круглоўка, Руднянскі раён, Смаленская вобласць, РСФСР) — беларускі вучоны ў галіне машынабудавання, гісторыі навукі, тэхнікі і адукацыі. Член-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (1992-2002), НАН Беларусі (2003), доктар тэхнічных навук (1991), прафесар (1992), заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1998).
Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў 1971 годзе. З 1971 года — старшы інжынер-кантралёр Руднянскага раённага аддзялення Смаленскага абласнога вытворчага аб’яднання «Рассельгастэхніка». З 1973 года — майстар участка механічнага цэха № 1 завода «Гомсельмаш». Працаваў з 1973 года асістэнтам, старшым выкладчыкам, дацэнтам, загадчыкам кафедры механізацыі жывёлагадоўлі, у 1992—1995 гадах — рэктарам Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. У 1995—1997 гадах — начальнік галоўнага ўпраўлення кадраў і аграрнай адукацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. У 1997 быў абраны віцэ-прэзідэнтам Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь.
У 1995 годзе абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13 склікання. У 1997 годзе перайшоў у Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь для работы дэпутатам Палаты прадстаўнікоў на прафесійнай аснове. Працаваў намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы.
З 2000 года — намеснік старшыні Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Рэспублікі Беларусь.
З 2003 па 2017 — рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання. У цяперашні час - прафесар кафедры машын і апаратаў харчовых вытворчасцей Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій[2]
Навуковыя працы па пытаннях распрацоўкі і ўкаранення энергазберагальных тэхналогій, камплектаў машын і абсталявання для ўборкі, перапрацоўкі і выкарыстання ўраджаю сельскагаспадарчых культур на насенне і корм жывёлам, а таксама па гісторыі навукі, тэхнікі і адукацыі на Беларусі.