wd wp Пошук:

Вепрын

Ве́прын[1] (трансліт.: Viepryn, руск.: Веприн) — былая вёска ў Чэрыкаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіла ў склад Вепрынскага сельсавета.

Гісторыя

Назва паходзіць ад слова «вепрь» — дзікі кабан, дзік. Вядома з сярэдзіны XVI ст. як велікакняжацкае ўладанне ў Вялікім Княстве Літоўскім. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай 1772 г. вёска інкарпаравана ў склад Расійскай імперыі, належала стацкаму саветніку I. В. Галынскаму (49 двароў). У 1877 г. памешчык меў тут 218, у 1882 г. — 421 дзес. зямлі. У 1880 г. — 141 двор. Частка вяскоўцаў займалася кавальскім і кравецкім промысламі. У 1883 г. тут заснаваны смалакурна-шкіпінарны завод (5 рабочых у 1890 г.). Быў вадзяны млын. У пачатку XX ст. Вепрын уваходзіў у Дубровіцкую воласць Чэрыкаўскага павета; 202 двары, царкоўна-прыходская школа. У снежні 1905 г. сяляне разграмілі памешчыцкі маёнтак.

У студзені 1918 г. устаноўлена савецкая ўлада. 3 20 жніўня 1924 г. цэнтр сельсавета ў Чэрыкаўскім раёне. У 1925 у сяле 172 двары, у былым маёнтку 26 двароў, 117 жыхароў; працавала 4-гадовая школа. У кастрычніку 1929 г. утвораны калгас «Чырвоны Кастрычнік», у 1930 г. таксама калгас «Экспарт» (пазней — імя Сталіна). Працавалі нафтавы (заснаваны ў 1927 г., 2 рабочыя) і ветраны млыны (1931 г., 1 рабочы), кузня. У вёсцы размяшчаўся дзіцячы дом. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Вепрыне 402 двары. У жніўні 1941 г. акупіраваны нямецкімі войскамі. За час акупацыі нямецкія акупацыйныя ўлады спалілі 256 дамоў, забілі 6 чал. На франтах і ў партызанах ўдзельнічалі 86 вяскоўцаў, з іх 65 загінулі. У час акупацыі байцы 720-га партызанскага атрада разграмілі ў вёсцы варожы апорны пункт. 30 верасня 1943 г. вёска вызвалена часцямі 50-й арміі. Пасля вайны адбудавана. 3 16 верасня 1959 г. Вепрын у Крычаўскім, з 25 снежня 1962 г. у Краснапольскім, з 6 студзеня 1965 г. у Крычаўскім, з 30 ліпеня 1966 г. у Чэрыкаўскім раёнах. У 1970 г. — 418 двароў.

Ліквідавана 5 сакавіка 2010 года[2].

Насельніцтва

Інфраструктура

Дзейнічала бальніца, аддзел сувязі, 3 магазіны, дзіцячы сад-яслі, сярэдняя школа, Дом культуры.

Славутасці

На паўднёвай ускраіне вёскі парк — помнік садова-паркавага мастацтва 2-й паловы XIX ст. У вёсцы брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, магіла невядомага савецкага воіна, помнік землякам, што загінулі ў гады Вялікай Айчынна вайны.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  2. «Об упразднении сельского населенного пункта Веприн Вепринского сельсовета». Решение Чериковского районного Совета депутатов от 5 марта 2010 г. № 22-8 (руск.)

Спасылкі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Чэрыкаўскага раёна
Катэгорыя·Артыкулы пра населеныя пункты без катэгорыі на Вікісховішчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула