Вегета-сасу́дзістая дыстані́я — разлад рэгуляцыі тонусу сасудаў. Пад вегета-сасудзістай дыстаніяй (ВСД) маюць на ўвазе поліэтыялагічны сіндром, характарызавальны дысфункцыяй вегетатыўнай нервовай сістэмы[1]. Тэрмін «вегета-сасудзістая дыстанія» з’яўляецца састарэлым і абывацельскім, яго няма ў сучаснай Міжнароднай класіфікацыі хвароб[2]. Больш карэктнай назвай для часткі расстройстваў, якія адносяцца да ВСД, з’яўляецца назва «саматаморфная вегетатыўная дысфункцыя нервовай сістэмы»[3][2] (дыягназ саматорфнай вегетатыўнай дысфункцыі нервовай сістэмы прысутнічае ў Міжнароднай класіфікацыі хвароб (МКХ)[2], у МКХ-10 ён ідзе пад кодам F 45.3[4]).
Частае ўжыванне тэрміна «вегета-сасудзістая дыстанія» тэрапеўтамі, кардыёлагамі і неўрапатолагамі звязана з тым, што такія сіндрамальныя дыягназы зручныя, яны дазваляюць не затрачваць час на дыягнастычны пошук канкрэтных прычын расстройства; іншай прычынай частага ўжывання тэрміна з’яўляецца павольная перабудова стэрэатыпаў клінічнага мыслення, якія склаліся. Блізкі па сэнсе да тэрміна «вегета-сасудзістая дыстанія» тэрмін «нейрацыркуляторная дыстанія», які таксама адсутнічае ў Міжнароднай класіфікацыі хвароб і таксама шырока выкарыстоўваецца тэрапеўтамі, кардыёлагамі і неўролагамі[2]. Пастаноўцы дыягназаў «вегета-сасудзістая дыстанія» і «нейрацыркуляторная дыстанія» нярэдка спадарожнічаюць непадыходныя і неэфектыўныя меры лячэння, што пагаршае прагноз захворвання і якасць жыцця пацыентаў[5].
Як правіла, вегетатыўныя парушэнні, якія традыцыйна адносяцца да паняцця вегета-сасудзістай дыстаніі, другасныя і ўзнікаюць на фоне псіхічных або саматычных захворванняў[6], пры арганічным паражэнні ЦНС, з прычыны гарманальных зрухаў у падлеткавым узросце[3] і інш. У шэрагу выпадкаў такія вегетатыўныя расстройствы могуць быць складовай часткай гіпертанічнай хваробы, эндакрынных парушэнняў, хранічнай ішэмічнай хваробы сэрца і г. д.[2]; у выпадках жа, калі яны другасныя ў дачыненні да псіхічных расстройстваў, яны могуць сустракацца ў рамках саматаморфных (у тым ліку саматаморфнай дысфункцыі вегетатыўнай нервовай сістэмы), трывожных (у тым ліку панічнае расстройства) і — радзей — дэпрэсіўных расстройстваў[7].
Немач прадухіляюць дастатковае высыпанне, 4-разовае харчаванне з перавагай гародніны і садавіны і адмова ад шкодных звычак на карысць штодзённай размінкі дзеля пераадолення стрэсу. Трэба штодня гуляць на свежым паветры, пазбягаць дадавання солі ў ежу і захоўваць здаровую вагу. Пры дыстаніі з паніжаным крывяным ціскам (гіпатанія) карысна на сняданак і ў абед выпіваць па кубку моцнай гарбаты або кавы (без цукру)[8].
Нядужасць выклікаюць інфекцыя, стрэс і шкодныя ўмовы працы[8].
Пры немачы адзначаюцца слабасць, хуткая стамляльнасць, плаксівасць, раздражняльнасць і галаўны боль. Паводле праяў вылучаюць наступныя віды НЦД: 1) сардэчны — боль у сэрцы, сэрцабіццё, заміранне ў серы і перабоі ў сэрцы, разнастайныя віды арытмій[9]; 2) дыхальны — пачашчанае дыханне, немагчымасць зрабіць глыбокі ўдых і нечаканыя глыбокія ўдыхі; 3) дысдынамічны — павышэнне або паніжэнне артэрыяльнага ціску; 4) тэрмарэгуляторны — павышэнне тэмпературы цела да +37 °C — +38°С або паніжэнне да менш як +35 °C на кароткі (прыступ) або працяглы тэрмін, ці пастаянна; 5) дыспенсічны — боль у жываце, млосць, ірвота, адрыжка і парушэнне рухавасці кішачніка праз стрэс[8].
Для выяўлення нядужасці праводзіцца да 7 абследаванняў у кардыёлага, нейролага і эндакрынолага: электракардыяграма, рэнтгенаграфія грудной клеткі, ультрагукавое даследаванне сэрца, брушной поласці і шчытападобнай залозы, артастатычная проба, аналіз крыві на гармоны і содневы нагляд за артэрыяльным ціскам[8].
Нядужасць лечуць пры дапамозе настоек валяр’яну і сардэчніка, якія аднаўляюць працу сэрца. Таксама прызначаюць электрасон і электрафарэз, масаж шыйнага і груднога аддзелаў хрыбетніка, а таксама азотныя, вуглякіслыя і радонавыя ванну і душ, абгортванне і абліванне. Урэшце для трываласці да стрэсу і заразных хвароб прапісваюць настойку жэньшэню. Пры паніжаным ціску прымаюць настойкі араліі, лімонніку і элеўтэракоку[8].