У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Шуневіч. Вацлаў Шуневіч (28 снежня 1892, Глыбокае, Віленская губерня — 16 кастрычніка 1963, Бразілія) — польскі каталіцкі ксёндз, лекар-афтальмолаг.
Паходзіў з польскага шляхецкага рода Шуневічаў, прадстаўнікі якога з XVI стагоддзя жылі паміж Вільняй і Полацкам. Вацлаў быў сёмым і малодшым дзіцем Рамуальда Шуневіча і Паліны Цыбульскай.
У 1898 годзе сям’я пераехала ў Смаленск, дзе Вацлаў скончыў гімназію. Пазней ён вучыўся ў Маскве, дзе ў 1917 годзе атрымаў дыплом лекара. Потым быў прызваны ў царскую армію і накіраваны на мінскі фронт. Працаваў лекарам у шпіталі Чырвонага Крыжа ў Смаленску, а потым у дзяржаўным шпіталі ў Варонежы. Па сканчэнні Першай сусветнай вайны пераехаў у Вільню, дзе ў 1922—1926 гадах працаваў у педыятрычнай клініцы Віленскага ўніверсітэта ўрачом-асістэнтам.
23 красавіка 1927 года ў Кракаве ўступіў у Кангрэгацыю Місіянераў святога Вінцэнта дэ Поля (лазарыстаў). 8 верасня 1930 года прыняў святарскае пасвячэнне і быў накіраваны ў Кітай. Адразу пасля прыезду пачаў працаваць лекарам і выконваць місійную душпастырскую дзейнасць. Спачатку ён арганізаваў шпіталь на 19 ложкаў у Сінтаі, а праз некалькі гадоў у шпіталі налічвалася ўжо 100 ложкаў. У радысе 30—70 кіламетраў ад горада адкрыў 18 клінік і паспяхова кіраваў імі.
Праводзіў у дзень па 35 афтальмалагічных працэдур. Штогод у тых медыцынскіх і тэхнічных умовах ён асабіста праводзіў каля 800 аперацый па выдаленні катаракты. Згодна з запісамі, толькі ў 1934 годзе ва ўсіх медыцынскіх установах, было праведзена больш за 154 000 афтальмалагічных кансультацый і працэдур. У знак вялікай пашаны і ўдзячнасці быў прызначаны генеральным дырэктарам усіх каталіцкіх клінік на поўначы Кітая.
У 1938 годзе ў Пекіне, у галоўнай клініцы каталіцкага ўніверсітэта, на працягу ўсяго трох месяцаў адчыніў аддзяленне афтальмалогіі. Са снежня 1946 па люты 1949 года працаваў у Французcкім правінцыйным шпіталі сясцёр міласэрнасці ў Цяньдзіні, у Французскім шпіталі ў Пекіне і яшчэ адначасова ў двух шпіталях у Шанхаі.
З-за рэвалюцыі і прыхода да ўлады камуністычнага рэжыму быў вымушаны прыпыніць сваю місійную і медыцынскую дзейнасць. У 1949 годзе, як і ўсе польскія місіянеры, пакінуў Кітай, але не вярнуўся ў сацыялістычную Польшчу. Праз Аўстралію накіраваўся ў ЗША. Пераехаў у тагачасную польскую віцэ-правінцыю ў Ютыцы. Спачатку жыў пры парафіі святога Арханёла Міхала ў Дэрбі, Канектыкут, а пазней пераехаў у парафію святога Станіслава ў Нью-Хэйвене, у тым самым штаце. Распачаў навукова-дыдактычную працу на медыцынскім факультэце Ельскага ўніверсітэта.
У студзені 1952 года пераехаў у Курытыбу (Бразілія), у штат Парана. Спачатку служыў у Мафры, а потым пераехаў у Іраты, дзе праслужыў сем гадоў у парафіі святога Міхала да дня сваёй смерці. Прысвяціў сябе галоўным чынам сацыяльнаму служэнню: заснаваў там клініку і бібліятэку, а таксама займаўся медыцынай у Шпіталі Міласэрнасці Святога Вінцэнта дэ Поля.
Да самой смерці Вацлаў Шуневіч быў практыкуючым афтальмолагам. Акрамя польскай, ён размаўляў на рускай, лацінскай, мандарынскай, англійскай, французскай і партугальскай мовах.
Як афтальмолаг і вучоны, ён вядомы як першы, хто правёў хірургічнае лячэнне астыгматызму рагавіцы і рэтынапатыі (паражэнне сяччаткі вока). Даследаванні, якія ён распачаў у Кітаі, пазней былі працягнуты ў Ельскім універсітэце і ў Мафра ў Бразіліі. Рукапісы з вынікамі гэтых даследаванняў былі надрукаваныя толькі ў 1952 годзе, аднак яны ніколі не былі выдадзеныя пад імем ксяндза Вацлава. Нягледзячы на гэта, яго навуковыя дасягненні па-ранейшаму глыбока асвойваюцца і працягваюцца ў медыцыне.
У 1968 годзе гарадская рада ў Іраці (Бразілія) ушанавала Вацлава Шуневіча, назваўшы яго імем адну з вуліц і школу ў Віла Рыа-Баніта. Кітайскія ўлады надалі імя ксяндза Шуневіча афтальмагічнай клініцы ў Сінтаі.
У 2019 годзе бразільская дыяцэзія Понта Гроса (штат Парана) звярнулася ў Ватыкан з просьбай распачаць працэс беатыфікацыі ксяндза Вацлава Шуневіча ў ліку блаславёнага.