У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Аксёнаў.
Васі́ль Па́ўлавіч Аксё́наў (20 жніўня 1932, Казань, СССР — 6 ліпеня 2009, Масква, Расія) — савецкі, амерыканскі і расійскі пісьменнік, сцэнарыст, кінадраматург. Адзін з лідараў апавядальнай савецкай прозы 60-х гадоў ХХ стагоддзя, дзе выкарыстоўваецца гарадскі моладзевы слэнг. Належаў да пакалення шасцідзесятнікаў.
З’яўляўся членам ПЭН-клуба і Амерыканскай аўтарскай лігі.
Нарадзіўся 20 жніўня 1932 года ў Казані у сям’і Паўла Васільевіча Аксёнава (1899—1991) і Яўгеніі Саламонаўны Гінзбург (1904—1977). Быў трэцім, малодшым дзіцем у сям’і (і адзіным агульным дзіцем бацькоў). Бацька, Павел Аксёнаў, быў старшынёй Казанскага гарсавета і членам бюро Татарскага абкама КПСС. Маці, Яўгенія Гінзбург, працавала выкладчыцай у Казанскім педагагічным інстытуце, затым — загадчыкам аддзела культуры газеты «Красная Татария». Пасля, прайшоўшы сталінскія лагеры, у часы выкрыцця культу асобы, Яўгенія Гінзбург стала аўтарам кнігі ўспамінаў «Круты маршрут» — адной з першых кніг-мемуараў пра эпоху сталінскіх рэпрэсій і лагераў, дзе распавяла пра васемнаццаць год, праведзеных у турме, калымскіх лагерах і высылцы.
У 1937 годзе, калі Васілю не было яшчэ і пяці гадоў, абодва бацькі (спачатку маці, а затым неўзабаве — і бацька) былі арыштаваныя і асуджаныя на 10 гадоў турмы і лагераў.
У 1978 годзе В. Аксёнаў сумесна з Андрэем Бітавым, Віктарам Ерафеевым, Фазілем Іскандэрам, Яўгенам Паповым і Бэлай Ахмадулінай стаў арганізатарам і сааўтарам бесцэнзурнага альманаха «Метрополь», так і не выдадзенага ў савецкім падцэнзурным друку. Альманах быў выдадзены ў ЗША. Усе ўдзельнікі альманаха падвергліся «прапрацоўцы». У знак пратэсту супраць выключэння Папова і Ерафеева з Саюза пісьменнікаў СССР, якое адбылося пасля гэтага ў снежні 1979 года, Аксёнаў, а таксама Іна Ліснянская і Сямён Ліпкін, заявілі пра свой выхад з Саюза пісьменнікаў СССР. Гісторыя альманаха выкладзена ў рамане з ключом «Скажы „кішміш“».
Памёр 6 ліпеня 2009 года ў Маскве пасля працяглай цяжкай хваробы. Пахаваны 9 ліпеня 2009 году на Ваганькаўскіх могілках у Маскве (участак 25).