У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сідаровіч. Васі́ль Лукі́ч Сідаро́віч (1905, в. Сівіца, цяпер Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць, Беларусь — 1937, Чалябінск, НКУС) — беларускі мастак і графік.
Удзельнік камуністычнага падполля Заходняй Беларусі. У 1926—1927 гадах скончыў Віленскую беларускую гімназію, наведваў мастацкую студыю Язэпа Драздовіча. Друкаваўся ў гімназійных перыядычных выданнях «Золак», «Покліч», супрацоўнічаў з гумарыстычна-сатырычным часопісам «Маланка». З пачатку 1930-х эміграваў, як і іншыя заходнебеларускія мастакі, сябры па студыі Мікалай Васілеўскі, Рыгор Семашкевіч, у СССР. Вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. Нейкі час працаваў сцэнографам у тэатры Чалябінску, дзе быў рэпрэсаваны як эмігрант і выхадзец з заходнебеларускіх земляў.
Серыі графічных аркушаў Васіля Сідаровіча апублікаваныя ў Вільні ў 1920-я («Хоць гультаём мяне завуць, а з працы ўсе маёй жывуць», «Што Рыгор у свеце бачыў», «Беларусь, ты прабуджайся, ашукаць сябе не дайся», «I на зямлі і пад зямлёй „апякун“ усё за табой» і іншыя), адлюстравалі праблемы і рэаліі палітычнага жыцця Заходняй Беларусі часу знаходжання яе пад польскай уладай. Пейзажы «Ручай», «Вясна», «Стагі за ваколіцай» (захаваліся ў прыватнай калекцыі) сведчаць аб добрым адчуванні мастаком асаблівасцей беларускага ландшафту, яго каларыту і настраёвасці.