wd wp Пошук:

Валкушанская культура

Валкушанская культураархеалагічная культура эпохі фінальнага палеаліту. Вылучана ў 1-й палове 1990-х гадоў К. Шымчакам на падставе матэрыялаў з тэрыторыі паўночна-ўсходняй Польшчы, паўднёвай Літвы, заходняй Беларусі і паўночнай Украіны. Адначасова з’яву аналагічна апісаў Л. Л. Залізняк(укр.) бел., вызначыўшы краснасельскую культуру. Матэрыялы культуры пад іншымі назвамі згадваліся ў літаратуры з сярэдзіны XX ст. як «прыбалтыйскі мадлен» (Р. Рымантэнэ), «група Вільнюс» (Я. К. і С. К. Казлоўскія), «арэнсбургская культура» (Л. Кальцоў), «лінгбійская культура sensu largo» (С. К. Казлоўскі), «комплексы тыпу Вільня» (З. Сульгастоўска), «дасвідэрскія матэрыялы» (Р. Шыльд). Валкушанская культура разам з лінгбійскай, арэнсбургскай, свідэрскай і грэнскай культурамі належыць да тэхнакомплексу з чаранковымі наканечнікамі стрэл. К. Шымчак адзначае падабенства крамянёвых комплексаў Валкушанскай культуры з гэтымі фінальнапалеалітычнымі культурамі. Паводле Л. Л. Залізняка, Валкушанская культура сфарміравалася на аснове лінгбійскай і ўключае помнікі з грэнскімі наканечнікамі, грэнская група помнікаў з’яўляецца падасновай для пясочнароўскай і іенеўскай мезалітычных культур.

Храналагічна культура да перыяду 10 800—10 300 гг. да н.э. Крамянёвы інвентар Валкушанскай культуры характарызуюць нуклеусы двухпляцовачныя монафрантальныя ад пласцін без дадатковай апрацоўкі бакоў і контрфронту, аднапляцовачныя ад пласцін з частковай апрацоўкай бакоў і контрфронту; скрабкі на пласцінах; розныя тыпы разцоў з перавагай рэтушаваных і нуклеападобных; пласціны са скошаным дробнай рэтушшу канцом; чаранковыя наканечнікі стрэл без плоскай рэтушы насады з брушка.

Арэал Валкушанскай культуры ахоплівае басейны рэк Вісла і Нёман, заходнюю частку Беларускага і Украінскага Палесся. Да Валкушанскай культуры належаць археалагічныя помнікі Бурдзенішкі-4, Багатэры Лесьны-2, Волкуш-3, Волкуш-5, Возьна Весь-1, Рыдна-10, Станькавічы-1 (усе ў Польшчы), Краснасілля-Е, Лютка-Б, Нобель 2Б, Вялікі Мідськ, Аносава (Украіна), Вільнюс-1, Эжарынас-8, 15—17 (Літва). На тэрыторыі Беларусі матэрыялы культуры вядомы з помнікаў Жылічы-1—3, Жукевічы-1, 2, Кавальцы-1, 4, Ліхачы ўрочышча «Востраў Ліхацкі», Ліхачы ўрочышча «Востраў Салацкі» (Гродзенскі раён), Краснасельскі-6 (Ваўкавыскі раён), Беліца-1, Збляны-2 (Лідскі раён), Моталь-1, 5, 17, Опаль-5 (Іванаўскі раён), Вялічкавічы-1—5, 7—8, Коладна-1—3 (Камянецкі раён), Галачова (Брэсцкі раён), Рубяжэвічы (Стаўбцоўскі раён).

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Літвы
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Польшчы
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Украіны
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з украінскай
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Беларусі
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Еўропы