Бронзавая спражка з Хоцішча — частка бронзавай спражкі, верагодна, VI ст.[1], знойдзеная разам з двума бронзавымі бранзалетамі у 1930 г. каля в. Хоцішча (Слаўгарадскі раён)[2]. Брозавая спражка і іншыя знойдзеныя ў гэтай мясцовасці ўпрыгажэнні адносяцца да тыпу Тушамлі-Калочына. Падобная сярэбраная спражка была выяўлена на гарадзішчы каля в. Дзямідаўка Смаленскай вобласці[3]. Спражка дазваляе гаварыць пра існаванне ў лясах Верхняга Падняпроўя ачага своеасаблівай і мастацка яскравай культуры, якая сфарміравалася ў раннім Сярэднявеччы на фоне шырокіх знешніх сувязяў[1].
Спражка мае авальнае гладкае кольца раўнамернай таўшчыні, шырокі выгнуты шып з папярочнай пляцоўкай-перакладзінай, выцягнуты авальны шчыток з заклёпкамі ў паўкруглых выступах. Спражка з Хоцішча адметная па арнаментацыі. Яна мае разьбяную раму ў выглядзе літары В, якая абкружае заштрыхвананае «поле». Масіўная галава арла з доўгай жалабаватай дзюбай даволі нязграбна пасаджана на нізкіх прамавугольных выступах. Абойма спражкі мае выгін краю з боку кальца, што надае ім так званую ныркавую форму[3].
Спражка па форме і стылю блізкая да заходнееўрапейскіх з выявамі арліных галоў з доўгай жалабаватай дзюбай, выкананых у тэхніцы трохграннай выемчатай разьбы. Такія выявы ёсць у дэкоры спражак і пальчатых фібул, знойдзеных на сярднім Дунаі. Яны былі шырока распаўсюджаны ў VI ст. на тэрыторыі ад сучаснай Румыніі і Балгарыі да Іспаніі і Францыі[3]. У Хоцішчы, паводле апісання знаходак, былі яшчэ 3 бронзавыя з пазалотай бляшкі з птушынымі галоўкамі і выпуклай фігуркай чалавека[1]. Верагодна, выява галоў драпежных птушак магла быць звязана не толькі з модай таго часу, але і з пэўным культам[4].