Сярэбраная спражка, верагодна, VI ст.[1] была выяўлена на гарадзішчы каля в. Дзямідаўка Смаленскай вобласці. Адносіцца да тыпу Тушамлі-Калочына. Падобная бронзавая спражка з двума бронзавымі бранзалетамі была выяўлена у 1930 г. каля в. Хоцішча (Слаўгарадскі раён).
Спражка мае авальнае гладкае кольца раўнамернай таўшчыні, шырокі выгнуты шып з папярочнай пляцоўкай-перакладзінай, выцягнуты авальны шчыток з заклёпкамі ў паўкруглых выступах. Разьба на спражцы двух тыпаў: у выглядзе грубой прамавугольнай рашоткі і трохгранна-выемчатая[2] з буйнымі шматвітковымі спіралямі[1]. Масіўная галава арла з дзвюма доўгімі жалабаватым дзюбамі даволі нязграбна пасаджана на нізкіх прамавугольных выступах[1]. Амаль такая ж арліная галава ўтварае сярэдні прамень франкскай пальчатай фібулы VI ст. з Мансо-ле-Нёф (Францыя)[1]. Абойма спражкі мае выгін краю з боку кальца, што надае ім так званую ныркавую форму[2].
Спражка па форме і стылю блізкая да заходнееўрапейскіх з выявамі арліных галоў з доўгай жалабаватай дзюбай, выкананых у тэхніцы трохграннай выемчатай разьбы. Такія выявы ёсць у дэкоры спражак і пальчатых фібул, знойдзеных на сярэднім Дунаі. Яны былі шырока распаўсюджаны ў VI ст. на тэрыторыі ад сучаснай Румыніі і Балгарыі да Іспаніі і Францыі[2]. Верагодна, выява галоў драпежных птушак магла быць звязана не толькі з модай таго часу, але і з пэўным культам[3].