wd wp Пошук:

Брагінскі гісторыка-этнаграфічны музей

Брагінскі гістарычны музей з карціннай галерэяй — музей, заснаваны ў г. п. Брагін у студзені 1987 г. Брагінскім райвыканкамам. Адкрыты для наведвальнікаў у 1988 г.

Асновай першай экспазіцыі сталі карціны беларускіх мастакоў В. Барабанцава, У. Кожуха, М. Цудзіка, В. Шматава, якія яны стварылі на аснове ўражанняў ад паездкі па Брагінскім раёне.

Фонды і экспазіцыя

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 1577 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 297 адзінак Агульная плошча памяшканняў 622 м², экспазіцыйных — 328 м². Дырэктар Т. В. Высоцкая.

Асноўная экспазіцыя размешчана ў 4 залах. У гістарычнай зале экспануюцца матэрыялы па гісторыі Брагіншчыны ад старажытнасці да 1-й палавіны 20 ст. Зала «Палеская хатка» ўяўляе інтэр’ер сялянскай хаты, дзе прадстаўлены асноўныя элементы побыту, прылады працы палешука. У зале баявой славы, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне, захоўваюцца дакументы, якія выдавалі мясцовым жыхарам акупацыйныя ўлады, даецца апісанне матэрыльных страт, нанесеных гітлераўскімі захопнікамі Брагінскаму раёну, прадстаўлены лічбы ахвяр па кожным сельсавеце, лісты франтавікоў, дакументы воінаў і партызан, рэшткі снарадаў, ваенная форма, узнагародныя лісты, копіі прадстаўленняў да звання Героя Савецкага Саюза ўраджэнцаў раёна П. С. Жукава, С. С. Мацапуры, П. І. Шпетнага. Зала, прысвечаная ліквідатарам наступстваў катастрофы на ЧАЭС, знаёміць з біяграфіямі, фотаздымкамі ўдзельнікаў ліквідацыі.

У калекцыі музея карціны беларускіх мастакоў, напісаныя ў адселеных вёсках Брагінскага раёна ў час экспедыцыі 1986 г., узоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (ручнікі, даразахавальніца XVIII ст. і г.д.), абразы. Найбольшую цікавасць выклікае метэарыт «Брагін» вагой 38 кг.

У музеі дзейнічаюць пастаянныя выстаўкі: «Згубленая зямля», якая прысвечана памяці пра землі, найбольш пацярпелыя ад чарнобыльскай катастрофы (створана жыхарамі з адселеных вёсак, часткова прадстаўленая матэрыяламі з фондаў музея); «Жывапіс беларускіх мастакоў 2-й палавіны XX ст. Пейзажы», прадстаўленая палотнамі А. Даўгялы, П. Масленікава, В. Шматава, Л. Шчамялёва, Л. Эрлер і інш., якія адлюстроўваюць багацце прыроды краю, непаўторны каларыт Палесся; «Памяці В. Шматава», дзе дэманструюцца карціны разнастайнай тэматыкі, падараваныя аўтарам музею; «Алея Славы», якая знаёміць з партрэтамі землякоў — Герояў Сацыялістычнай Працы.

Музей ажыццяўляе міжнародную дзейнасць, у 2005 г. створаны сайт «Чарнобыльская спадчына». 17 чэрвеня 2006 г. сумесна з французскай арганізацыяй «Спадчына без межаў» адкрыта выстаўка «Згубленая зямля» з нагоды 20-годдзя аварыі на ЧАЭС (мастацкі дырэктар У. Цэслер, канцэпцыя А. Давідовіча).

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Брагін
Катэгорыя·Вікіпедыя·Музеі без геаграфічных каардынат
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Музеі Брагінскага раёна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Этнаграфічныя музеі
Катэгорыя·Музеі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак