Бенедыкт Малееўскі (польск.: Benedykt Malejewski; 5 студзеня 1672, Пінскі павет – 16 студзеня 1686, Вільня[1]) – езуіцкі педагог і паэт.
Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і на Піншчыне. Пляменнік уніяцкага архіепіскапа смаленскага Юрыя Маліеўскага. Скончыўшы курс рыторыкі ў езуіцкіх школах, 27 жніўня 1688 г. у Вільні ўступіў у Таварыства Ісуса. Пад кіраўніцтвам Крыштафа Пуцілоўскага займаўся ў настаўніцкай семінарыі пры Пінскім езуіцкім калегіуме (1690–1691), а потым на працягу года выкладаў сінтаксіс у Варшаве. Прайшоў курс філасофіі ў Пінскім езуіцкім калегіуме (1692–1695), а потым сам выкладаў паэтыку і рыторыку ў Пінску (1695–1696) і Вільні (1696–1697). З 1697 па 1701 гг. вывучаў тэалогію ў Віленскай акадэміі і Варшаўскім езуіцкім калегіуме. У 1703–1705 гг. у настаўніцкай семінарыі пры Полацкім калегіуме выкладаў рыторыку клірыкам-езуітам. У сувязі з хваробай быў перавезены ў ВІльню, дзе і памёр ва ўзросце 33 гадоў[2].
Паводле некралогу меў выдатныя здольнасці ў гуманітарных навуках. Апублікаваў панегірыкі: Palatium principum honori, virtuti, prosapiae, Illmi… Principis Janussii Antoni Koributh Wiśniowiecki, palatonidae Bełzensis (Вільня, 1695); Augustus secundus in Sarmatia adoratus corona et primis honoribus cultus ab Academia Vilnensi… Per D. Franciscum Szyrwiński, Philosophiae auditorem (Вільня, 1697), Pastor angularis, Ecclesiae lapis, Illmus [Panegyricus dedicatus] Joannes Casimirus Bokum, Episcopus Premisliensis (Вільня, 1702). Аўтар драматычнага твора для школьнага тэатра, пастаўленага ў Вільні ў 1696/1697 навучаным годзе: Clypeus principum sive sapientia in coronato Bactrianorum capite, ab iuventute Acad. Vilnensis S.J. in scenam data[2].