Бенджамін Маклейн Спок (Benjamin McLane Spock; 2 мая 1903, г. Нью-Хейвен, штат Канектыкут, ЗША — 15 сакавіка 1998) — амерыканскі педыятр, педагог і грамадскі дзеяч.
Скончыў Іельскі ўніверсітэт (1925) і медыцынскія курсы пры ім (1929). У 1933—1944 гадах займаўся прыватнай практыкай у Нью-Ёрку. У 1944—1946 гадах на вайсковай службе, у 1947—1950 — ад’юнкт-прафесар Мінесотскага ўніверсітэта. У 1951—1955 гадах кіраваў аддзяленнем дзіцячай псіхіятрыі пры медыцынскіх курсах Пітсбургскага ўніверсітэта.
У кнізе «Дзіця і яго догляд» (1946) абагульніў свой вопыт педыятра, выклаў уяўленні пра ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей, развіццё здаровай і шчаслівай асобы. Галоўная ідэя Бенджаміна Спока — прызнанне адметнасці, унікальнасці асобы дзіцяці; ён раіў бацькам пазбягаць крайнасцей у выхаванні, праяўляць чуласць і ўлічваць жаданні дзіцяці, дамагацца такіх адносін з дзецьмі, калі адпадае неабходнасць у пакаранні. Важнейшым у выхаванні лічыў «метад цярпення», адначасова падкрэсліваў асноўную ролю бацькоўскага аўтарытэту, які не мае нічога агульнага з дыктатам, значэнне дысцыпліны для выхавання. У шматлікіх публікацыях выказаў свае ідэі па педагагічных праблемах: выхаванне праёмных і «цяжкіх» дзяцей, выхаванне ў няпоўнай сям’і, уплыў на дзяцей сямейных канфліктаў і разводаў, роля бацькі ў выхаванні і інш. Сваю грамадскую дзейнасць разглядаў як працяг гуманістычнай педагогікі.