Парк высокіх тэхналогій — праект па падтрымцы і развіцці ў Беларусі высокіх тэхналогій. Спецыяльны падаткова-прававы рэжым для развіцця ІТ-бізнэсу ў Беларусі[2]. Не з’яўляецца свабоднай (спецыяльнай, асаблівай) эканамічнай зонай, але ўяўляе сабой юрысдыкцыю, якая функцыянуе па прынцыпе экстэрытарыяльнасці. Зарэгістраваныя ў Парку кампаніі і індывідуальныя прадпрымальнікі могуць карыстацца прэферэнцыямі, якія ім прадстаўляюцца, незалежна ад месца размяшчэння іх беларускага офіса.
На тэрыторыі ПВТ дзейнічаюць палажэнні беларускага Дэкрэта № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі», які быў падпісаны 21 снежня 2017 года і набыў моц 28 сакавіка 2018 года. Згодна з Дэкрэтам № 8 да 1 студзеня 2049 года рэзідэнты Парку вызваленыя ад большасці падаткаў, уключаючы падатак на прыбытак. Нормы дэкрэта таксама дапамагаюць развіваць ІТ-адукацыю і прасоўваць перспектыўныя стартапы.
У лістападзе 2018 года Наглядальны савет Парку таксама зацвердзіў дакументы, якія дэталёва рэгулююць працу крыптавалютнай індустрыі[3]. Першым крыптавалютным праектам ПВТ, зарэгістраваным у рамках новага заканадаўства, стала крыптавалютная біржа такенізіраваных актываў Currency.com, якая першая ў свеце прапанавала карыстальнікам такенізіраваныя дзяржаўныя аблігацыі[4].
Мэта праекту — стварыць у краіне спрыяльныя ўмовы для развіцця індустрыі экспартна-арыентаванага праграмавання, развіццё іншых экспартных вытворчасцей, заснаваных на новых і высокіх тэхналогіях, а таксама для канцэнтрацыі кадравага, навукова-вытворчага і інвестыцыйна-фінансавага патэнцыялу.
Ідэя стварэння беларускага аналага «Крамянёвай даліны» пачала абмяркоўвацца ў 2004 годзе[5]. Дэкрэт № 12 «Аб Парку высокіх тэхналогій» быў падпісаны прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 22 верасня 2005[6]. На 4 чэрвеня 2009 г. у парку працавала звыш 6 тыс. праграмістаў[7].
Да 2009 году на базе ПВТ планавалася адкрыць сумесны беларуска-індыйскі навучальны цэнтр у сферы высокіх тэхналогій. Чакаецца, што ў ім будуць падвышаць кваліфікацыю IT-спецыялісты, а таксама настаўнікі і выкладчыкі інфарматыкі, акрамя таго для іх прадугледжваюцца стажыроўкі ў Індыі[8]. Пазней дата была перанесеная на красавік 2012 года.[9]
3 лістапада 2014 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 4, якім уносяцца змяненні і дапаўненні ў Дэкрэт ад 22 верасня 2005 года № 12 «Аб Парку высокіх тэхналогій». Дэкрэт пашырае віды дзейнасці кампаній-рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій новымі навукаёмістымі напрамкамі. У якасці самастойных відаў дзейнасці, ажыццяўленне якіх з’яўляецца падставай для ўключэння ў склад рэзідэнтаў ПВТ і атрымання падатковых ільгот, вызначаны сумежныя з IT-сферай напрамкі (мікра-, опта- і нанаэлектроніка, мехатроніка, перадача даных, радыёлакацыя, радыёнавігацыя, радыёсувязь), а таксама абарона інфармацыі і стварэнне цэнтраў апрацоўкі дадзеных. Прадугледжана магчымасць выканання рэзідэнтамі ПВТ работ і паслуг па аналізе, праектаванні і праграмным забеспячэнні інфармацыйных сістэм (ІТ-кансалтынг, аўдыт, сістэмна-тэхнічнае абслугоўванне сетак дзяржаўных інфармацыйных сістэм, стварэнне баз даных, укараненне і суправаджэнне карпаратыўных інфармацыйных сістэм). Вызначаны парадак прадастаўлення льгот для дзеючых кампаній-рэзідэнтаў ПВТ у выпадку пашырэння відаў дзейнасці, не заяўленых пры рэгістрацыі. Дэкрэт уступае ў сілу з 1 студзеня 2015 года.[10]
У адпаведнасці з дэкрэтам прэзідэнта, рэзідэнты Парка вызваляюцца ад выплаты мытаў, падаткаў на прыбытак, нерухомасць і дададзеную вартасць[11] і іншых абавязковых выплат у рэспубліканскі бюджэт, дзяржаўныя мэтавыя бюджэтныя і пазабюджэтныя фонды, якія выплачваюцца з выручкі ад рэалізацыі тавараў. Дэкрэтам прадугледжаныя вызначаныя прэферэнцыі і ў частцы выплаты падаходнага падатку. Акрамя таго, рэзідэнтам Парка падаецца права вырабляць выплату абавязковых страхавых унёскаў у паменшаным памеры.
Паводле ацэнкі прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага стварэнне Парка высокіх тэхналогій дазволіць ужо праз 3—4 гады вырабляць праграмнай прадукцыі на суму $350 млн у год і задзейнічаць у гэтай сферы каля 15 тыс. чалавек. Пры гэтым дзель інфармацыйных тэхналогій у ВУП складзе больш за 4 %. Па ацэнках адмыслоўцаў, у цяперашні час на экспарт з Беларусі штогод пастаўляецца інфармацыйнага прадукту на суму ад $50 да $100 млн (меней 1 % ВУП).
Парк размесціцца ў Мінску на плошчы 106,8 га на тэрыторыі Акадэмгарадка (недалёка ад мікрараёна Уручча). Забудова ПВТ павінна пачацца ў 2008 годзе, а ў 2007 на тэрыторыі Парка плануецца завяршыць будаўніцтва «доўгабуда» — будынка Інстытута фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Мяркуецца ўсталяваць у гэтым будынку арэндную стаўку значна ніжэй за звычайную, для прыцягнення пачаткоўцаў і невялікіх кампаній.
Па стане на 10 чэрвеня 2008 года ў ПВТ налічвалася 46 рэзідэнтаў — 57 % рэзідэнтаў ПВТ створаныя беларускімі фундатарамі, 15 % з’яўляліся сумеснымі прадпрыемствамі, 28 % — арганізацыямі са 100-адсоткавым замежным статутным капіталам. У ПВТ працавала больш за 5 тыс. чал. Больш за 70 % з тых, хто працуе, складае моладзь ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў[12].
Па стане на 10 кастрычніка 2008 года ў Парку былі 58 кампаній і 8 бізнес-праектаў.
Па выніках першага паўгоддзя 2008 года, экспарт паслуг рэзідэнтаў ПВТ у параўнанні з аналагічным перыядам 2007 года павялічыўся больш чым удвая. Экспарт паслуг па распрацоўцы праграмнага забеспячэння за гэты час склаў 43,5 млн долараў (87 % ад агульнага аб’ёму вытворчасці). Заказчыкамі рэзідэнтаў ПВТ з’яўляюцца кампаніі з 35 краін. За першае паўгоддзе ў ПВТ створаны 717 новых працоўных месцаў[13].
У маі 2016 года ў ПВТ былі зарэгістраваны 152 рэзідэнты[14]. А ў пачатку кастрычніка 2019 года — 684[15][16].