wd wp Пошук:

Беларускі архіў старажытных грамат

«Беларускі архіў старажытных грамат» (Белорусский архив древних грамот) — зборнік дакументаў па гісторыі ўсходніх зямель Беларусі XVIXVIII стст. Першае археаграфічнае выданне дакументаў, амаль поўнасцю прысвечаных гісторыі Беларусі. Падрыхтаваны І. І. Грыгаровічам пры ідэйнай і фінансавай падтрымцы графа М. П. Румянцава, выдадзены ў Маскве (ч. 1, 1824).

У прадмове складальніка адзначана, што старажытныя хартыі «даваляюць узнавіць дух продкаў ва ўсім яго развіцці, высветліць патаемныя матывы, прычыны і суадносіны спраў іх». На думку Грыгаровіча, старажытная Беларусь з’яўлялася прыналежнасцю Расійскай дзяржавы і ўжо ў сярэдзіне XVII ст. была зноў часова далучана да Расіі царом Алексеем Міхайлавічам. Уплыў афіцыёзнай гістарыяграфіі і ўласных поглядаў Грыгаровіча адлюстраваўся ў пэўных антыкаталіцкіх тэндэнцыях выдання. Але ў цэлым яно было наватарскім паводле зместу, аб’екта даследавання і крыніцазнаўчай дакладнасці.

Зборнік быў выдадзены на высокім для таго часу археаграфічным узроўні. Ён адкрыў перад даследчыкамі і грамадскасцю неабсяжнае поле археаграфічнай дзейнасці, узняў заслону над амаль невядомай шматвяковай трагічнай і гераічнай гісторыяй старажытнай Беларусі.

Частка 1

У 1-й частцы змешчана 57 грамат (прывілеяў і актаў), выяўленых у архівах Магілёва і Мсціслава і размешчаных у храналагічным парадку — ад сярэдзіны XV ст. да 1768. Акты надрукаваны на беларускай, рускай, польскай і лацінскай мовах, ёсць спасылкі на архівы, археаграфічныя каментарыі. Тэматычна пераважаюць матэрыялы па сацыяльна-эканамічнай гісторыі (прывілеі на вызваленне ад падаткаў, на маёнткі і гандаль, мытныя пошліны, розныя ўстаўныя, магдэбургскія граматы) і царкоўна-рэлігійных адносінах. Многія грамадска-прававыя акты вярхоўнай улады датычацца Магілёва, радзей Мсціслава, Полацка, Віцебска, у т.л. «Устаўная грамата караля Жыгімонта Аўгуста жыхарам Магілёва аб вольнасцях, падатках і павіннасцях» (1561), прывілей Магілёву на магдэбургскае права 1578, прывілей магілёўскім мяшчанам і купцам на бяспошлінны гандаль у Расіі 1618, на мясцовую юрысдыкцыю 1672 і інш. Дзве трэці дакументаў асвятляюць царкоўна-рэлігійную палітыку вярхоўнай улады. Акрамя асноўных прававых актаў (прывілеі вялікага князя Аляксандра праваслаўнаму духавенству 1499, Жыгімонта I праваслаўным епіскапам аб незалежнасці іх ад свецкай улады 1511 і падобны акт 1592), апублікаваны разнастайныя дакументы, што вызначалі сацыяльна-эканамічныя і прававыя функцыі царквы, духавенства, падаткі і павіннасці залежнага насельніцтва, зямельныя ўладанні феадалаў і інш.

Некалькі тэматычна адасобленых актаў тычацца дыпламатычных адносін (граматы цара Пятра маршалку Падбярэзскаму, вяльможам і шляхце Польшчы і ВКЛ аб саюзе з Рэчу Паспалітай 1709), духоўнага і палітычнага жыцця Беларусі (прывілей С. Баторыя праваслаўнаму насельніцтву ВКЛ на права карыстацца юліянскім календаром 1584, граматы 1602 і 1768 аб стварэнні ў Магілёве царкоўнага брацтва, грэка-лацінскай школы і друкарні і інш.). Апублікавана копія зацверджанага каралём герба Магілёва з выявамі гарадской брамы, рыцара і герба «Пагоня».

Частка 2

2-й частцы захаваўся ў рукапісе, выяўлены А. А. Праабражэнскім у калекцыі Г. В. Юдзіна ў Дзяржаўнам архіве Краснаярскага краю (захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва Беларусі). Дакументы да яго рыхтавалі прафесар Віленскага ўніверсітэта І. М. Лабойка, уніяцкі ксёндз Сасноўскі, дазорац вучылішчаў Дарашкевіч і інш. на базе архіваў Вільні, Магілёва, Полацкай уніяцкай кансісторыі, Румянцаўскай бібліятэкі Каралеўца (Кёнігсберга), Метрыкі ВКЛ у Маскве і інш. Рукапіс складаюць 66 дакументаў за 1252—1707 на мове арыгіналаў (беларуская, руская, польская, лацінская, грэчаская), часткова з перакладамі. Сярод найбольш значных матэрыялаў — агульназемскі прывілей вялікага князя Казіміра 1447, дакументы да Брэсцкага сабора 1596. Змешчана «Родословие князей Мстиславских» (генеалагічная табліца).

Частка 3

Для часткі прызначаліся дакументы XVII ст., але праца над ім была спынена (смерць Румянцава, фінансавыя цяжкасці, магчыма, умяшанне цэнзуры).

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Археаграфія ў Беларусі