wd wp Пошук:

Беларуская фантастычная проза

Беларуская фантастычная проза — мастацкія творы напісаныя беларускімі аўтарамі ў жанры фантастыкі.

XIX стагоддзе

Вокладка «Шляхціц Завальня» выдання 1884 года

Да аднаго за жанраў фантастычнай літаратуру — фэнтэзі, адносіцца твор аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1844-46). Гэтая кніга, якую без сумневу можна назваць падмуркам беларускай літаратуры, распачала жанр фантастыкі, фэнтэзі, у нашай літаратуры. Твор, напісаны на падставе беларускіх народных казак і легенд, прываблівае сваімі паганскімі фантазіямі, сваім, калі так можна выказацца, беларускім гафманізмам. Прытчы-апавяданні звязаны ў творы пры дапамозе вядомага са старажытных часоў прыёму, дзе ёсць апавядальнік і слухач. Гасцінны шляхціц Завальня сустракае ўсіх падарожных, шчодра частуе іх, і ўважліва слухае жыццёвыя гісторыі і казкі. Нешта падобнае можна бачыць і ў «Тысячы і адной ночы»[1]. У некралогу, размешчаным у часопісе «Przegląd Poznański» (1851. T. III. Poszyt 3. S. 362.), Я. Баршчэўскага назвалі «вядомым беларускім пісьменнікам», які «апранае фантастыку ў беларускія шаты»[2].

XX стагоддзе

У 1923 годзе выходзіць філасофска-фантастычная аповесць Вацлава Ластоўскага «Лабірынты», напісаная ў духе мастацкай містыфікацыі гісторыка-міфалагічнага напрамку.

Калі разглядаць навукова-фантастычны жанр, то тут абавязкова трэба ўзгадаць Янку Маўра, заснавальніка навукова-пазнавальнага жанру ў беларускай літаратуры, і стваральніка першай беларускай навукова-фантастычнай аповесці. У 1925 годзе ў часопісе «Беларускі піянер» з’явілася яго аповесць на беларускай мове «Чалавек ідзе», якая, як лічыцца, паклала пачатак навукова-фантастычнаму жанру ў беларускай літаратуры. Тым не менш некаторыя гэтую аповесць адносяць хутчэй да прыгодніцкага жанру. А далей былі фантастычная казка «Вандраванне па зорках» (1927) і «Аповесць будучых дзён» (1932), якую ўжо смела можна аднесці менавіта да фантастыкі. І ў 1954 годзе выйшла яго навукова-фантастычная аповесць «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага», у якой сумешчана рэальнае і фантастычнае — на энергіі дзіцячай фантазіі ўнукі прафесара Цылякоўскага Святазар і Святлана адпраўляюцца ў далёкае вандраванне — напачатку ў Амерыку, а потым на Месяц і на Марс.

У 1932 годзе ў часопісе «Маладняк» (№ 7-8) з’явілася першая частка навукова-фантастычнага раману «Вызваленне сіл» Змітрака Астапенка. Але ў 1933 годзе аўтар быў арыштаваны НКУС па справе «Беларускай народнай грамады», і, верагодна, што раман так і не быў скончаны.

У 1959 годзе выйшла кніга Міколы Гамолка «Шосты акіян» — навукова-фантастчыны раман пра касмічны акіян. А ў 1962 была выдана аповесць пра пра касмічную экспедыцыю на Марс і Плутон «Апошняя арбіта», аўтара Ўладзіміра Шыціка. А за ёй выйшлі яго зборнікі «Зорны камень» (1967), «Парсекі за кармой» (1970), «У час не вярнуліся» (1975), «Трансплутонавыя Афеліі» (1982). Іх асноўная тэма — бясконцыя абшары космасу і яго адважныя даследнікі і пакарыцелі.

У лютым 1981 года ў газеце «Знамя юности», пісьменнік Уладзімір Цвяткоў падрыхтаваў першы выпуск «Клуба аматараў фантастыкі» (з аўтараў і чытачоў клубу ўтварыўся першы ў Беларусі клуб аматараў фантастыкі «Цыялкоўскі»). Рубрыку пазней змяніла «Фантастыка. Гіпотэзы. Прагнозы», затым з’явіўся «ФАЭТОН» (Фантастыка. Эксперыменты. Тэорыі. Досведы).

У сярэдзіне-канцы 1980-х моцна а сабе заявіў творчы дуэт Юрыя Брайдэра і Мікалай Чадовіча. Пачатак іх доўгаму і плённаму супрацоўніцтву паклаў аповяд «Парушальнік» (1983) у газеце «Знамя юности». Вядомасць ім прынеслі «Тэлепатычная стрэльба» (1987) і «Евангелле ад Цімафея» (1991). У суаўтарстве, якое працягнулася і ў пачатку 2000-х, імі былі напісаны цэлыя цыклы твораў: «Светы пад лязом сякеры», «Сцежка», «Адмысловы аддзел», «Паляванне на Мінатаўра».

У вясёлай і нязмушанай форме Павел Місько распавядае дзецям у фантастычнай аповесці «Эрпіды на планеце Зямля» (1987) пра жывёльны і раслінны свет Зямлі ад імя робатаў-выведнікаў. Частку сваіх твораў у прагодніцка-фантастычным жанры прысвяціў дзецям і Аляксей Якімовіч у сваіх кніжках «Эльдарада просіць дапамогі» (1989 г.), «Сакрэт Тунгускага метэарыта» (1993 г.). Звярнулася да дзіцячай фантастыкі і Раіса Баравікова — «Галенчыны „Я“, альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў» (1990 г.) і «Дзве аповесці пра міжпланетнага пажарніка» (1996 г.).

Творам Васіля Гігевіча, у якіх ён даследуе сучасныя праблемы існавання цывілізацыі ў Сусвеце, уласцівыя псіхалагізм і філасафічнасць. Найбольш да навукова-фантастычнага жанру набліжана яго аповесць «Марсіянскае падарожжа» (1990 г.) у якой галоўны герой, журналіст, вырашыў назаўжды пераехаць на Марс і жыць там пад кіраўніцтвам штучнага інтэлекту. У 2012 годзе ў выдавецтве «Літаратура і мастацтва» выйшла кніга «Крах цывілізацыі», у якую ўвайшлі чатыры яго найбольш яркіх твора «Карабель», «Марсіянскае падарожжа», «Палтэргейст», «Страчанае шчасце».

Нечакана звярнуўся часткова да фантастыкі і вядомы беларускі дэтэктыўшчык Мікалай Чаргінец, у рамане «Ілоты вар’яцтва» (1995). У ім апавядаецца пра кіраўніка міжнароднай тэрарыстычнай арганізацыі, які марыць пра бязмежную ўладу над светам. Сярод герояў кнігі прысутнічаюць, апроч іншых, і прышэльцы з Космасу, якія аб’ядналіся разам з людзьмі і супрацьстаяць сілам Зла ў барацьбе за выратаванне чалавецтва ад катастрофы.

Плённа на ніве фантастыкі працуюць Аляксандр Сілецкі і Наталля Новаш — муж і жонка. Ён піша навуковую, сацыяльную фантастыку, яна — больш казкі і раманы-фэнтэзі, але мае і навукова-фантастычныя творы. Сілецкі аўтар больш за 70 фантастычных аповядаў.

XXI стагоддзе

Адметнай з’явай стаў постмадэрністкі раман Андрэя Федарэнкі «Рэвізія» (2004). Аўтар пачаў яго пісаць яшчэ ў 1987, працягнуў у 1992, і завяршыў у 2003. Галоўны герой, Алесь Трухан, у канцы 1980-х гадоў на аснове сваіх бачанняў ці сноў, якія яго перыядычна наведваюць, піша раман а 1920-х гадах. А галоўны персанаж рамана Трухановіча, Алесь Трухановіч (кантужаны чырвонаармеец з амнезіяй), «успамінае» сваё будучае жыццё, жыццё Трухана ў канцы 1980-х.

Далучыўся да кола фантастаў і Алесь Бадак, які апублікаваў у часопісе «Маладосць» (2004 г. № 12) аповесць «Не глядзіце ў снах на поўню». Твор таксама ўвайшоў у анталогію «У зеніце — Антарэс» (2008).

Знакаміта сваёй шматграннай творчасцю Людміла Рублеўская. Яе фантастычнае апавяданне пра Ведзьмака «Адзінка» увайшло ў зборнік беларускай фантастыкі «Люстэрка Сусвету» (2007). Але найбольш вядомы яе фантастычна-містычныя аповесці «Дзеці гамункулуса» (1999), у якую пакладзена легенда пра чарнакніжніка пана Твардоўскага, раманы «Скокі смерці» (2005), у якой журналістка і рэстаўратар разгадваюць таямніцу сярэдневечных гадзіннікаў, і «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію» (2007), у якой група маладых людзей знаходзіць партал, праз які яны адпраўляюцца ў 1930-е гады.

Добра вядомы ў Беларусі і за яе межамі творы Андрэя Жвалеўскага, які напісаў вялікую колькасць раманаў у суаўтарстве з Я. Пастарнак і І. Мыцько. Апроч цыклу фантастычнай пародыі «Поры Гатэр» (у суаўт. з І. Мыцько), аўтар напісаў фантастычныя раманы «Майстар сурокаў» (2005) і «Майстар сілы» (2005). За іранічны раман жахаў «Тут вам не прычыняць ніякай шкоды» (2006) Жвалеўскі і Мыцько атрымалі ў 2007 г. на Міжнароднай літаратурнай канферэнцый па пытаннях фантастыкі «РасКан» прэмію «Аліса» (за лепшы фантастычны твор для дзяцей).

Яшчэ адна беларуская пісьменніца, добра вядомая за межамі Беларусі — Вольга Грамыка, аўтар Беларыйскага цыклу пра ведзьму Вольхе, піша кнігі ў жанры гумарыстычнага фэнтэзі. Яе раман «Прафесія: ведзьма» на міжнародным фэсце «Зорны мост-2003» (г. Харкаў) атрымаў прыз «Меч Без Імя» за лепшы дэбютны раман у жанры гумарыстычнай і вострасюжэтнай фантастыкі.

Не застаюцца ў баку і самі выдавецтва. Так, «Мастацкая літаратура» выдала дзве анталогіі, у якіх сабраны фантастычныя аповяды — ужо ўзгаданыя «Люстэрка Сусвету» (2007 г.) і «У зеніце — Антарэс» (2008 г.). Выдавецтва «Харвест» сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, у серыі «Беларуская сучасная фантастыка», выдала зборнікі Алеся Аляшкевіча «Дзеці зорак» (2009 г.), Генадзя Аўласенка «Дзікія кошкі Барсума» (2009 г.), аповесць Зінаіды Дудзюк «Аднарог» (2010 г.). У выдавецтве «Літаратура і Мастацтва» выйшаў зборнік казак і аповядаў пра космас для дзяцей «Касмічная кніга» (2010 г.). У 2014 годзе выдавецтва «Харвест» выдала кнігі пераможцаў конкурсу «Новая беларуская фантастыка» Кацярыны Войнікавай «Дарункі цмока», Андрэя Балотава «Панацэя» і Зміцера Саўчыка «Незлічоныя скарбы таямнічай пячоры».

У 2010 годзе Саюз пісьменнікаў Беларусі праводзіў конкурс маладых літаратараў «Новая беларуская фантастыка» з мэтай прыцягнуць увагу чытачоў да беларускай фантастычнай літаратуры і адкрыць новых таленавітых аўтараў твораў фантастычных жанраў. Журы конкурсу ўзначальваў старшыня секцыі «Прыгоды і фантастыка» СПБ Уладзімір Кулічэнка, аўтар фантастычных аповесцяў «Катамаран „Уцякач“» (1994 г.) і «Клуб горада N» (2004 г.)[3]. Па выніках конкурсу былі вызначаны фіналісты, а іх творы былі выдадзены асобнымі кніжкамі ў 2014 годзе ў выдавецтве «Харвест» у серыі «Новая беларуская фантастыка». Гэта «Панацэя» Андрэя Болатава, «Дары Дракона» Кацярыны Войнікавай і «Незлічоныя скарбы таямнічай пячоры» Дзмітрыя Саўчыка[4].

Літаратура

Спасылкі

Зноскі

  1. Хаўстовіч М. В. Асоба і творчасць Яна Баршчэўскага ў літаратуразнаўстве // Мастацкі метад Яна Баршчэўскага. — Мн.: БДУ, 2003. — С. 13. — 204 с. — 100 экз. — ISBN 985-445-998-5.
  2. Хаўстовіч М. В. Асоба і творчасць Яна Баршчэўскага ў літаратуразнаўстве // Мастацкі метад Яна Баршчэўскага. — Мн.: БДУ, 2003. — С. 15. — 204 с. — 100 экз. — ISBN 985-445-998-5.
  3. Алег Грушэцкі Скрозь часы да далёкіх зорак // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: РВУ «Звязда», 3 кастрычніка 2014. — № 39. — С. 6. Архівавана з першакрыніцы 8 кастрычніка 2014.
  4. Зінаіда Дудзюк Таямнічыя пячоры // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: РВУ «Звязда», 9 студзеня 2015. — В. 4801. — № 1. — С. 6. Архівавана з першакрыніцы 1 лютага 2015.
Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Фантастычная літаратура
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Беларуская літаратура