wd wp Пошук:

Барыс Суравы

Барыс Суравы (15 верасня 1907 — снежань 1998) — беларускі настаўнік і грамадскі дзеяч. Падчас Другой сусветнай вайны быў школьным інспектарам, кіраўніком СБМ па Слонімскай акрузе. Дзеяч беларускай эміграцыі ў Вялікабрытаніі.

Біяграфія

Нарадзіўся 15 верасня 1907 г. у Брэсце. Скончыў гімназію, вучыўся ў Віленскім універсітэце.

З восені 1939-га працаваў дырэктарам Дзярэчынскай школы (сёння Зэльвенскі раён).

На пачатку нямецкай акупацыі пераехаў у Слонім, дзе з восені 1941 года арганізаваў 4-класную беларускую прагімназію для амаль 100 вучняў. Быў яе дырэктарам, выкладаў гісторыю Беларусі. Пэўны час быў Слонімскім акруговым школьным інспектарам. Як пісала ў сваіх успамінах Надзея Дземідовіч, Барыс Суравы «быў першым дырэктарам і выкладаў нам гісторыю Беларусі. Гэта быў малады чалавек, меў дзіцятка гадоў чатырох. Спяваў вельмі прыгожа. Было відно, што ён вельмі любіў сваю працу, сваіх вучняў, сваю гісторыю»[1].

З мая 1943 г. актыўна заняўся арганізацыяй Саюза беларускай моладзі ў Слонімскай акрузе. У чэрвені 1943 г. скончыў курс вышэйшых кіраўнікоў СБМ, а ў ліпені 1943 г. быў прызначаны кіраўніком Слонімскай акруговай арганізацыі СБМ. З’яўляўся супрацоўнікам часопіса для кіраўнікоў моладзі СБМ «Жыве Беларусь!». За сваю беларускую дзейнасць атрымліваў пагрозы з боку мясцовых палякаў. Працаваў у Беларускай Народнай Самапомачы, стаў удзельнікам II Усебеларускага Кангрэсу ў Мінску 27 чэрвеня 1944 г.[2]

У ліпені 1944 выехаў з групай слонімскіх беларускіх дзеячаў у горад Бад-Заўльгаў (зямля Бадэн-Вюртэмберг) у Германіі. З 1947 г. жыў у Вялікабрытаніі. 15 сакавіка 1948 г. абраны віцэ-старшынёй у Часовую ўправу Хрысціянскага аб’яднання беларускіх работнікаў (ХАБР), якое згуртавала прыхільнікаў Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслава Астроўскага. 26 снежня 1948 г., на 1-ым Агульным з’ездзе ХАБР, абраны старшынёй Галоўнай управы. Быў старшынёй гэтай арганізацыі да яе заняпаду: з канца 1948 г. па 1950 г. ды з чэрвеня 1954 г. па 1966 г. Уваходзіў у рэдакцыйную калегію часопіса «Аб’еднанне», дзе пісаў пад псеўданімам Старшы Праваднік, а таксама ў склад Галоўнай дэлегатуры БЦР у Вялікабрытаніі. У 19481953 гг. быў кіраўніком Прадстаўніцтва БЦР у Вялікабрытаніі.

У 19601980-ыя гг. Барыс Суравы — актывіст беларускай праваслаўнай парафіі св. Эўфрасінні Полацкай (канстанцінопальскай юрысдыкцыі).

Паводле інфармацыі Юрыя Туронка, меў уласны рэстаран у Лондане[3]. Аднак Барыс Кіт сцвярджаў, што ягоны сябар Барыс Суравы «быў кухарам у польскім рэстаране ў Лондане»[4].

Апошнія гады жыцця быў паралізаваны. Памёр у Лондане, у снежні 1998 г.

Зноскі

  1. Надзея Дземідовіч: «Я сябе вінаватай перад Радзімай не лічу». Інтэрв’ю Людмілы Майсені
  2. Другі Усебеларускі Кангрэс. Выданне Беларускай Цэнтральнай Рады, 1954.
  3. Юры Туронак. Людзі СБМ Архівавана 15 верасня 2010.
  4. Цярновы шлях. Аповяды Барыса Кіта, запісаныя Васілём Быкавым улетку 2001 года ў Франкфурце-на-Майне Архівавана 5 сакавіка 2016.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Нарадзіліся 15 верасня
Катэгорыя·Беларусы ў Вялікабрытаніі
Катэгорыя·Памерлі ў Лондане
Катэгорыя·Члены Беларускай народнай самапомачы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў 1998 годзе
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Члены Саюза беларускай моладзі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1907 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Брэсце
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта